БЕЛ Ł РУС

Правядзенне службаў у касцёлах Гродзеншчыны на польскай мове чыноўнікі назвалі незаконным

1.03.2023 / 15:42

Nashaniva.com

Падчас сустрэчы 28 лютага кіраўніцтва Іўеўскага раёна са святарамі па пытаннях «развіцця этнаканфесійнай сферы» акцэнт зрабілі на праблемных пытаннях, паведаміла газета райвыканкама. Адной з такіх праблем было названа правядзенне ў каталіцкіх парафіях святой імшы на польскай мове.

«Праблемным застаецца выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у каталіцкіх храмах раёна, што недапушчальна згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», — прыводзіць выданне словы загадчыцы сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольгі Барко.

«Правядзенне святой імшы на польскай мове ў каталіцкіх парафіях Беларусі, асабліва на захадзе краіны, — традыцыя, якая склалася гістарычна. У касцёлах службы праходзяць як на беларускай, так і на польскай мовах — для прадстаўнікоў польскай дыяспары і для тых, хто з дзяцінства прывык маліцца па-польску.

Напрыклад, у Іўеўскім касцёле ў нядзелю дзве ранішнія нядзельныя службы праходзяць на польскай мове (як правіла, з раніцы ў храмы прыходзіць больш старэйшых людзей), а ў абед (для дзяцей і маладых бацькоў) і ўвечары (для моладзі) — на беларускай мове», — адрэагаваў на заявы чыноўнікаў katolik.life.

Паводле інфармацыі рэсурсу, у касцёлах Беларусі часта праводзяць службы не толькі па-польску, але і па-англійску — для студэнтаў з Азіі і Афрыкі.

«З іншага боку, самі католікі дыскутуюць пра тое, наколькі прапарцыянальна правядзенне святой імшы па-польску і па-беларуску ў заходняй частцы краіны. Але гэта — пытанні саміх парафій і дыяцэзій, дзе кіруюцца пажаданнямі вернікаў», — піша katolik.life.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула