Макрон таемна зняў дарагі гадзіннік падчас інтэрв'ю аб пенсійнай рэформе. Яго абвінавацілі ў крывадушнасці ВІДЭА
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон апынуўся пад агнём крытыкі пасля таго, як падчас тэлеінтэрв'ю аб пенсійнай рэформе, якая выклікала масавыя пратэсты ў краіне, зняў пад сталом дарагі гадзіннік, піша Бі-бі-сі.
Пасля выхаду інтэрв'ю ў эфір прэс-служба Макрона заявіла, што прэзідэнт Францыі зняў гадзіннік, бо ён гучна ўдарыў па стале.
У Францыі ў разгары пратэсты з нагоды прэзідэнцкай ініцыятывы аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Макрон хоча павысіць яго з 62-х да 64-х гадоў.
Інтэрв'ю бралі ў сераду — Макрону задалі пытанне, пасля чаго ён рэзка апусціў рукі на стол, і пачуўся гук ад удару гадзінніка аб паверхню. Потым Макрон апусціў рукі пад стол, не перастаючы гаварыць, а калі тэлегледачы зноў убачылі рукі, гадзінніка ўжо не было.
Жэст Макрона прыцягнуў увагу крытыкаў і апазіцыі. Клеманс Гуэт, дэпутат ад левай партыі «Няскораная Францыя», абвінаваціла прэзідэнта ў крывадушнасці.
Неўзабаве пасля інтэрв'ю ў сацсетках з'явіліся сцвярджэнні, што гадзіннік прэзідэнта каштуе каля 86 тысяч даляраў, але ў Елісейскім палацы заявілі, што гэта не так. Там назвалі марку гадзінніка Макрона, гэта Bell & Ross BR V1-92 з персанальным гербам. Аналагічныя мадэлі без герба ў інтэрнэце можна купіць за 2400 еўра (2600 даляраў).
«Ён носіць гэты гадзіннік рэгулярна ўжо паўтара года», — дадалі ў Елісейскім палацы.
У Францыі працягваюцца пратэсты з-за пастановы ўрада правесці закон аб павышэнні пенсійнага ўзросту праз ніжнюю палату парламента, дзе ў яго няма абсалютнай большасці, без галасавання. У пятніцу з-за пратэстаў адмяніў свой візіт у Францыю кароль Вялікабрытаніі Карл III.
Лідары прафсаюзаў заклікаюць працягваць пратэсныя выступленні, каб не дапусціць павышэння пенсійнага ўзросту ў краіне з 62 да 64 гадоў. Наступная дэманстрацыя прызначаная на аўторак.
Па даных Міністэрства ўнутраных спраў, у чацвер на вуліцы гарадоў па ўсёй краіне выйшла больш за мільён пратэстоўцаў, з іх каля 120 тысяч — у Парыжы. У сталіцы дэманстрацыі месцамі перараслі ў беспарадкі, і паліцыя ўжыла слезацечны газ, каб разагнаць пратэстоўцаў.
Па ўсёй краіне было затрымана 475 чалавек, 441 супрацоўнік паліцыі атрымаў раненні.
Чытайце таксама:
Макрон: Я хачу перамогі Украіны, але супраць таго, каб Расія была раздушаная