Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком «ДНР»
дапоўнена
Аб прыездзе кіраўніка так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніса Пушыліна да Аляксандра Лукашэнкі паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ.
«Працы наперадзе шмат. Трэба аднаўляцца. Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку. У рэшце рэшт людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць. Таму я чакаю такой шчырай ад вас размовы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка госцю.
41-гадовы Дзяніс Пушылін узначальвае створаную расіянамі адміністрацыю акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці Украіны. Ëн быў прызначаны ў 2018 годзе пасля забойства яго папярэдніка, Аляксандра Захарчанкі, які загінуў ад выбуху бомбы, закладзенай у рэстаране, дзе ён вячэраў.
Раней Беларусь афіцыйна не прызнавала прыналежнасці да Расіі акупаваных ёю ўкраінскіх рэгіёнаў.
Калі летам 2022 года Пушылін наведваў Брэст, то сустракаліся з ім чыноўнікі невысокага рангу. З ім не палічыў патрэбным сустрэцца нават старшыня Брэсцкага аблвыканкама, не кажучы пра каго-небудзь высокапастаўленага з Мінска. Дзяржаўнае агенцтва БелТА не напісала тады ні слова аб прыездзе Пушыліна ў Брэст.