Выдавецтва «Янушкевіч» заключыла кантракт са Стывенам Кінгам
20.04.2023 / 12:44
Выдавецтва «Янушкевіч» заключыла кантракт з вядомым амерыканскім пісьменнікам Стывенам Кінгам. Выхад першай кнігі запланаваны ўжо на гэты год.
Выдавец Янушкевіч з нагоды падпісання кантракта са Стывенам Кінгам паказаў, як выглядаў пасля 28 сутак на Акрэсціна
«Выдавецтва Янушкевіч заключыла кантракт са Стывенам Кінгам. Так-так, цяпер сусветна вядомы пісьменнік — наш аўтар. Плануем выдаць як яго класічныя творы, так і найноўшыя. Выданне беларускіх перакладаў асабліва важнае таму, што аўтар забараніў выдаваць свае творы ў Расіі. Гэта быў яго адказ на ўварванне ва Украіну», — напісаў у сябе ў фэйсбуку выдавец Андрэй Янушкевіч.
З гэтай нагоды ён паказаў, як выглядаў пасля амаль месяца на Акрэсціна. «Так я выглядаю пасля прачытання яшчэ аднаго рамана Стывена Кінга», — пажартаваў Янушкевіч.
Ён паведаміў, што першая кніга выйдзе ў гэтым годзе. Але якая, не назваў.
«Прыходзьце на кніжную выставу ў Беластоку ў пятніцу, суботу і нядзелю, і даведайцеся першымі наўпрост ад Андрэя Янушкевіча», — напісаў ён.
Выстава пройдзе на гарадскім стадыёне ў Беластоку.
«Будуць сустрэчы з Уладзімірам Арловым і Алесем Кудрыцкім, ажно шэсць навінак-прэм'ер ад розных выдавецтваў (падумайце толькі, новыя кнігі Насты Кудасавай і Валера Гапеева!) сапраўды вялікі асартымент выданняў з Беларусі і іншых краін», — дадаў выдавец.
Чытайце таксама:
На кніжнай выставе ў Беластоку будзе працаваць беларускі павільён з кнігамі некалькіх выдавецтваў
Выйшла новая дзіцячая кніга Алеся Кудрыцкага. Яе першыя продажы адбудуцца ў Беластоку