Былая актрыса Купалаўскага ўжо 20 гадоў вядзе кулінарнае шоу. Але цяпер сацсеткі ўгараюць з ВІДЭА яе кухарства
У дзевяностыя Юлія Высоцкая скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў і грала ў Купалаўскім тэатры. Пасля выйшла замуж за рэжысёра Андрэя Канчалоўскага, з'ехала ў Маскву і адкрыла новы талент — кулінарны.
Юлія Высоцкая. Скрыншот відэа
З 2003 года яна вядзе штотыднёвае шоу «Ямо дома», у якім на сваёй кухні гатуе і паралельна размаўляе з рэжысёркай праграмы. Таксама Высоцкая з'яўляецца аўтаркай кулінарных кніг і ўладальніцай некалькіх рэстаранаў у Маскве.
За дваццаць гадоў публіка, здаецца, настолькі прывыкла і даверылася Высоцкай, што перастала звяртаць увагу на працэс прыгатавання і канчатковы вынік. А ён не ў кожным выпуску ўдалы.
Некалькі тыдняў таму ў тыктоку з'явіўся фрагмент яе перадачы, у якой яна гатавала сырнікі. Яны ў Высоцкай, мякка кажучы, не атрымаліся, — па баках падгарэлі, а ўнутры засталіся непрапечанымі. Але вядучая не звярнула на гэта ўвагу — яна назвала такую кансістэнцыю сваёй любімай і сказала, што такіх далікатных сырнікаў ніколі не каштавала.
У тыктоку відэа вірусіцца з подпісам «Калі нап****ела [схлусіла] хлопцу, што ўмею гатаваць, а ён прыйшоў паглядзець». Яно сабрала больш за 3 мільёны праглядаў.
Далей сацсеткі звярнулі ўвагу на выпуск, дзе Высоцкая на вуліцы смажыла на вуглях мяса. Пакуль яна наразала памідоры, кураціна гарэла адкрытым полымем. Але вядучая зноў нічога страшнага ў гэтым не пабачыла, шчодра засыпаўшы абвугленыя кавалкі зелянінай.
«Прыгажосць!» — рэзюмавала Высоцкая.
Асабліва ўражаныя гатоўкай вядучай сабралі цэлы трэд з яе неардынарных рэцэптаў. Вось, напрыклад, ролы і піца, якая гатавалася на перавернутай блясе:
А тут яна прапаноўвае есці запечаны ў паніроўцы шалфей, а таксама смажаную сухую грэчку:
Вядома, што нават у самага таленавітага кухара здараюцца няўдачы, але людзей больш уражвае здольнасць Юліі Высоцкай не звяртаць на гэта ўвагі і хваліць свае стравы.