Літва сёлета адмовіла ў ДНЖ праз «пагрозу бяспецы» ўжо 309 беларусам
Сёлета Літва адмовіла ўжо 309 беларусам у выдачы дазволу на жыхарства праз «пагрозу бяспецы». Сярод тых, хто атрымаў адмову ў ДНЖ, ёсць і беларусы, якія даўно жывуць у Літве, расказала агенцтву Delfi кіраўніца літоўскай міграцыйнай службы Эвеліна Гудзінскайце.
Эвеліна Гудзінскайце. Фота: obzor.lt
Паводле літоўскай чыноўніцы, колькасць адмоў у выдачы дазволу на жыхарства рэзка вырасла за апошні год, бо Літва ўвяла адмысловыя анкеты, у якіх трэба даць адназначны адказ пра стаўленне да вайны Расіі супраць Украіны.
У выніку з-за «пагрозы бяспецы» сёлета ўжо 309 беларусаў і 38 расіян не атрымалі дазволаў на жыхарства ў Літве.
Летась, у першы год вайны, у дазволе на жыхарства ў Літве адмовілі 163 грамадзянам розных краін па розных прычынах (з іх усяго 32 разы з-за пагрозы бяспецы).
«Рост значны», — падкрэсліла Гудзінскайце.
Паводле яе, нягледзячы на тое, што пазіцыя Літвы ў адносінах да вайны недвухсэнсоўная і добра вядомая, кожны месяц некалькі дзясяткаў чалавек у анкеце засведчваюць, што падтрымліваюць Расію і яе матывы.
«Гэта здзіўляе. Людзі вераць таму, што гавораць беларускі і расійскі рэжымы, глядзяць і слухаюць прапаганду, жывуць у тым свеце», — сказала чыноўніца.
Месяц таму беларусаў, якія з пачатку года задэкларавалі падтрымку дзеянняў Расіі, было 280 чалавек.
Чытайце таксама:
«Большасць едзе па працы» — партрэт сярэднестастычнага беларуса ў Літве
Кім часцей беларусы працуюць у Літве?
Амаль 300 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве, бо падтрымліваюць Расію і вайну