«Вучыч, сыходзь!» У Бялградзе — самы масавы антыўрадавы пратэст за 11 гадоў
Пятая антыўрадавая акцыя пратэсту «Сербія супраць гвалту», якая адбылася ў суботу ўвечары ў Бялградзе, стала самай масавай з тых часоў, як тысячы людзей пачалі выходзіць на вуліцы пасля двух масавых расстрэлаў у пачатку мая.
Апошні антыўрадавы пратэст адбыўся роўна праз месяц пасля таго, як 13-гадовы вучань прэстыжнай школы Бялграда прынёс ва ўстанову стрэльбу, якой забіў дзевяць школьнікаў і школьнага ахоўніка.
Марш узначалілі студэнты ўніверсітэта, якія трымалі ў руках плакат з надпісам «Сербія супраць гвалту!».
Дзясяткі тысяч людзей, трымаючы ўключанымі ліхтарыкі мабільных тэлефонаў, прайшлі шэсцем да штаб-кватэры прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, дзе выпусцілі вялікі паветраны шар з надпісам «Вучыч, сыходзь», а таксама скандавалі лозунгі з заклікам да яго адстаўкі, піша N1.
Сербскія праўрадавыя СМІ гэтым разам упершыню назвалі акцыю «празаходняй». А інцыдэнт, падчас якога прадстаўнікі cербскай праварадыкальнай групы «Народны патруль» збілі амерыканскага журналіста, назвалі правакацыяй саміх жа пратэстоўцаў. Некаторыя з нападнікаў былі ў футболках з літарай Z, сімвалам расійскай агрэсіі супраць Украіны.
З надыходам цемры ўдзельнікі акцыі ўключылі свае мабільныя тэлефоны, трымаючы іх над галавой падчас маршу па цэнтральнай вуліцы Бялграда ля будынка прэзідэнта, многія з іх свісталі і заклікалі Вучыча да адстаўкі.
На наступны тыдзень запланавана чарговая акцыя пратэсту, якая становіцца ўсё больш сур'ёзным выклікам для Вучыча — магчыма, самым вялікім з моманту яго прыходу да ўлады 11 гадоў таму.
Нагадаем, 3 мая 13-гадовы вучань прэстыжнай бялградскай школы ўчыніў у ёй стральбу, забіўшы з пісталета бацькі ахоўніка і васьмярых вучняў. А ўжо праз дзень у ваколіцах Бялграда адбылася стральба з аўтамата: 21-гадовы малады чалавек забіў восем чалавек і параніў яшчэ 14.
У Сербіі адразу ўспыхнулі масавыя антыўрадавыя пратэсты, якія працягваюцца чацвёрты тыдзень запар.
Сярод патрабаванняў пратэстоўцаў — адстаўка вышэйшых службовых асоб, у прыватнасці, прэзідэнта Аляксандра Вучыча, і адкліканне ліцэнзій у праўрадавых СМІ, якія транслююць матэрыялы з выявай гвалту, а таксама даюць у эфір выступленні крымінальных аўтарытэтаў і ваенных злачынцаў.
Сам Вучыч адышоў ад руля сваёй папулісцкай партыі на фоне планаў сфармаваць больш шырокі палітычны рух, адмовіўшыся выконваць патрабаванні пратэстоўцаў.