На поўначы Беларусі экзатычная птушка наводзіць страх на буслоў
12.06.2023 / 18:24
У адной з вёсак Лёзненскага раёна днямі заўважылі драпежную птушку, якую ў гэтых краях калі і можна пабачыць, то надзвычай рэдка. Гэта аказаўся белагаловы сіп з роду грыфаў, і паводзіў ён тут сябе зусім не мірна.
Фота: smartpress.by
У адной з вёсак сіп панадзіўся забіваць буслянят у гнёздах. За дзень драпежнік такім чынам знішчыў тры вывадкі. Мясцовыя жыхары спрабавалі яго адагнаць, але надоўга гэта зрабіць не ўдавалася. Забіваць жа няпрошанага госця нельга, бо ён не ўваходзіць у пералік паляўнічых відаў у нашай краіне.
Ды і ўвогуле птушка гэтая для фаўны нашага рэгіёна зусім не характэрная. Белагаловы сіп жыве ў Паўднёвай Еўропе, Паўночнай Афрыцы і Азіі. Даўжыня ягонага цела — 95—113 сантыметраў, а размах крылаў — 240—280 см.
У Беларусі за ўсе гады назіранняў гэта толькі пяты выпадак яго фіксацыі. Першы адбыўся амаль сто гадоў таму — у ліпені 1924 года ў Віцебскім раёне.
Цікава, што гэтыя птушкі сілкуюцца звычайна падлай, а жывая здабыча іх не прываблівае. Аднак цяперашні выпадак сведчыць аб тым, што могуць быць і выключэнні.
Чытайце таксама:
У брэсцкага сокала-пустальгі вывеліся першыя птушаняты. За жыццём гэтай сям'і можна сачыць АНЛАЙН
Што рабіць чалавеку, калі яго атакуе варона?
Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю