БЕЛ Ł РУС

Уладальніцы аграсядзібы «Стулы» далі 15 сутак

14.06.2023 / 20:51

Nashaniva.com

13 чэрвеня суд Пружанскага раёна асудзіў уладальніцу аграсядзібы «Стулы» Ларысу Быцко на 15 сутак па артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Па гэтым жа самым артыкуле суд Пружанскага раёна асудзіў і Ігара Паляшэнку.

Ларыса Мікалаеўна Быцко — загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Яна была арганізатаркай і рэжысёркай абласных святаў-конкурсаў фальклорнага мастацтва, у тым ліку «Галасы Палесся» ў Іванаве, «Таночак» у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Пад яе кіраўніцтвам у Брэсцкай вобласці рэалізуецца этнаграфічны праект «Рух зямлі».

Таксама Ларыса Мікалаеўна — ініцыятарка правядзення міжнародных пленэраў ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна, абласных пленэраў разьбяроў манументальнай скульптуры, папулярызатарка народнага мастацтва. У 2014 годзе была ўзнагароджаная нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» Міністэрства культуры.

Аграсядзіба «Стулы» знаходзіцца ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці ў аднайменнай вёсцы, дзе жыў і працаваў у адзіноце народны майстар Беларусі, стваральнік серыі драўляных скульптур Мікалай Тарасюк (мастак-самавук, адзін з найбуйнейшых майстроў наіўнага мастацтва).

У 2016 годзе муж і жонка Быцко ў цэнтры вёскі пабудавалі культурна-адукацыйны цэнтр «Вясковы рэнесанс», у якім праводзіліся розныя культурныя мерапрыемствы. Тут Аляксандр і Ларыса Быцко займаліся папулярызацыяй беларускай культуры, праводзілі паказы батлейкі.

Пра аблаву і затрыманні на аграсядзібе «Стулы» стала вядома 11 мая.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула