БЕЛ Ł РУС

«Моцна схуднеў, працуе на дрэваапрацоўцы». Як адбывае жорсткі тэрмін медыяменеджар Андрэй Аляксандраў

16.06.2023 / 10:30

Nashaniva.com

Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным па выніках масавых пратэстаў 2020 года. Беларускай асацыяцыі журналістаў сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці адседкі палітвязня ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.

Як і ў выпадку з большасцю «палітычных», сувязь з журналістам абмежаваная: збольшага стабільнае ліставанне толькі з самымі блізкімі сваякамі, астатняя карэспандэнцыя фільтруецца ці наогул блакуецца.

Стала вядома, што Андрэй Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. З досведу іншых вязняў калоніі, якія пасля выхаду дэманстравалі разліковыя лісткі, месяцовы заробак там рэдка перавышае некалькі рублёў — фактычна сумы хопіць толькі на адзін раз нешта купіць у краме калоніі.

Хто даўно знаёмы з Андрэем Аляксандравым, той ведае, што ён зацяты спартовы тэарэтык і практык, сапраўдная «энцыклапедыя» разнастайнай статыстыкі, асабліва што тычыцца англійскай футбольнай Прэм’ер-лігі і ўлюбёнага клуба «Ліверпуль». Ужо за турэмнымі мурамі «Валадаркі» адданы заўзятар перастварыў на беларускую мову камандны гімн You’ll Never Walk Alone.

У футбол на аматарскім узроўні ўсё жыццё гуляў і сам: падчас журналісцкіх турніраў абараняў гонар інфармкампаніі БелаПАН, дзе ў свой час быў адным з кіраўнікоў. 

Каб не адставаць ад навін, у калоніі ён выпісвае спартыўнае выданне «Прэсбол», фактычна гэта адзіная магчымасць атрымліваць адносна аператыўную інфармацыю.

Акрамя таго, дзеля падтрымання фізічнай формы ў графіку абавязковыя зарадка і практыкаванні. Вядома, што пасля арышту Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. Агулам палітвязень трымаецца бадзёра і не губляе ўласцівага толькі яму тонкага пачуцця гумару.

На пачатку студзеня 2021 года «за падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» (так класіфікавалі дапамогу з аплатай штрафаў пацярпелым ад гвалту сілавікоў) схапілі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну. У жніўні іх лёс падзялілі Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў. Да суда ўсіх утрымлівалі ў СІЗА № 1 Мінска.

Летась 6 кастрычніка суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка ў закрытым рэжыме агучыў тэрміны пакарання для абвінавачваных па «справе БелаПАН». Андрэй Аляксандраў «зарабіў» найбольшы тэрмін — 14 гадоў калоніі, Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады. Акрамя таго, усім прызначылі буйныя штрафы, у прыватнасці, Андрэю Аляксандраву — больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце. 

Спробы абскардзіць невытлумачальныя па сваёй жорсткасці выракі ў Вярхоўным судзе плёну не мелі. 

Яшчэ да разгляду апеляцыі Андрэя Аляксандрава перавялі ў СІЗА № 2 Віцебска, а якраз пад дзень нараджэння этапавалі ў наваполацкую папраўчую калонію № 1.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула