Беларусу ў Неапалі адмовіліся рабіць манікюр. І вось як гэта патлумачылі — прычына не ў палітыцы
Танцор Глеб Вашкевіч сутыкнуўся з нечаканымі рэаліямі італьянскага сэрвісу прыгажосці.
Глеб з жоўта-сінімі пазногцямі. Фота: асабісты архіў
Глебу адмовілі ў манікюры праз тое, што ён хлопец.
«У манікюршчыцы (прыватны майстар) быў прынцып. Яна лічыць, што мужчынскі манікюр — гэта пачварства і блюзнерства.
Як сказала мая цётка, якая жыве ў Неапалі, яна ўпершыню з такім сутыкаецца. Кажа, што людзі тут дастаткова кансерватыўныя, але не сустракала такога, каб адмаўлялі камусьці ў сэрвісе праз гендарную прыналежнасць», — расказвае Глеб.
Першы свой манікюр хлопец зрабіў у жніўні 2020-га падчас пратэстаў у Беларусі.
«Мне падаецца, што мужчынскі манікюр гэта не толькі прыгожа, але і эстэтычна, — кажа Глеб. — Для мяне гэта спосаб самавыяўлення.
У мяне няма пэўнага тыпажу манікюру, якога я прытрымліваюся. Усё залежыць ад сітуацыі. Часам я магу зрабіць аднатонны колер, а часам вясёлкавы ў падтрымку месяца гонару. Ці, напрыклад, я хадзіў з жоўта-сінімі пазногцямі, калі пачалася вайна ва Украіне, ці з бела-чырвонымі».
Фота: асабісты архіў Глеба
Пасля адмовы ў сэрвісе ў прыватнага майстра Глеб зайшоў у салон.
«Гуляў па Неапалі, быў сумны пасля адмовы той жанчыны, пабачыў звычайны салон, і там мне зрабілі ўсё адразу і без пытанняў», — кажа ён.
Манікюр, які зрабілі хлопцу ў неапальскім салоне. Фота: асабісты архіў
Блізкія Глеба ставяцца ліберальна да яго пазногцяў.
«Спачатку бабуля і тата былі здзіўленыя, але з часам прывыклі і цяпер нават цікавяцца, які ў мяне будзе наступны дызайн, — дзеліцца ён. —
Паколькі я большую частку часу жыву ў Лос-Анджэлесе, то негатыўнай рэакцыі я не сустракаю зусім. У Беларусі, памятаю, людзі на мяне коса глядзелі і часам былі пытанні: «Ты што, гэты?» ці «Ты як дзяўчынка?» З часам да гэтага выпрацаваўся імунітэт, і я проста перастаў заўважаць».
Чытайце таксама:
Выкарані ў сабе чыноўніцу. Шэсць памылак у стылі, якія псуюць вобраз
Спалучэнне класікі і свавольства — трэнды ў мужчынскай модзе на вясну і лета 2023