БЕЛ Ł РУС

Як уратавалі адно з самых вядомых відэа з пратэстаў

7.07.2023 / 09:23

Антось Жупран

Стэндап-комік і твітар-гумарыст Міхась Ільін у выпуску на канале «Ток» згадаў, як удалося захаваць адно з самых вядомых відэа з пратэстаў, за якое сілавікі паклалі яго на зямлю.

Скрын відэа «Еўрарадыё»

Размова пра відэа 2020 года, дзе хлопец уцякае ад сілавікоў і заскоквае ў таксі. Кіроўца дае па газах і звозіць хлопца. Міхась з калегам з «Еўрарадыё» паспелі зняць гэты момант.

Міхась згадвае, што гэта ўсё адбылося ў дзень так званай інаўгурацыі 23 верасня 2020 года. Хоць пратэсты звычайна адбываліся ў выхадныя, гэтая падзея стала трыгерам актыўнасці сярод тыдня.

«Людзі павыходзілі і зноў пачалі літаральна «хістаць» рэжым. Месцамі даходзіла да супрацьстаяння з сілавікамі. Яны гэта моцна душылі. Мы сталі сведкамі таго, як ад іх збягаў хлопец», — распавядае Ільін.

У гэты дзень зноў былі праблемы з мабільнай сувяззю і хлопцы не маглі рабіць жывы эфір, таму яны ў гэты вечар здымалі ўсё на тэлефоны.

«Мы ўдвух здымаем гэты момант. Я хаваю тэлефон, бо разумею, што мы знялі шэдэўр. Гэта ўзарве інтэрнэт. Тут падбягаюць гэтыя хлопцы. Гэта нават не сілавікі, а нейкія трындзюкі па 18—19 гадоў. Зусім малыя былі і вельмі нахабныя. Яны нас заламалі, пачалі казаць, каб мы аддалі тэлефоны.

Мне вельмі не хацелася з тэлефонам развітвацца. Яны патрабавалі выдаліць відэа. Нас паклалі на плітку, а не на асфальт. У нейкі момант нават прыкладалі электрашокер да твару і пагражалі, але не білі. Нейкія баявыя прыёмы выкарыстоўвалі. Але каб проста ў твар біць ці па нырках, то, здаецца, не білі», — расказвае падрабязнасці Міхась.

Міхась Ільін згадвае падрабязнасці сустрэчы з сілавікамі. Скрын відэа «Ток»

Ён спачатку спрабаваў з сілавікамі пагутарыць, патлумачыць, што яны журналісты. Прасіў адвесці да начальніка. «Але я зразумеў, што яны на адрэналіне, і гэта ўсё не пракатвае».

У выніку сілавікі змаглі адабраць тэлефон. Міхась гаворыць, што гэта быў яго асабісты тэлефон, які ён узяў у растэрміноўку, і плаціць заставалася яшчэ 23 месяцы.

«Я пайшоў на хітрасць. Кажу: «Добра. Пры табе выдаляю, і ты аддаеш мне тэлефон». Ён пагадзіўся. Я спадзяваўся на тое, што ў айфоне можна будзе са сметніцы гэта аднавіць, і што хлопец, які будзе за гэтым сачыць, проста пра такое не ведае. Я пры ім выдаляю.

Але тут падыходзіць нейкі другі хлопец і кажа: «У яго айфон. Там у сметніцы засталося». Ён заходзіць і выдаляе са сметніцы», — перадае падрабязнасці Ільін.

Міхась згадвае, што ў іх на той час была пры сабе акрэдытацыя. Яны яе паказалі, і ў выніку хлопцаў адпусцілі.

«Мы ідзём, і я кажу сябру: «Так шкада. Такі шыкоўны відос быў». А ён мне ціха адказвае: «А ў мяне не выдалілі».

Праз тое, што Міхась спрабаваў з сілавікамі спрачацца, асноўная ўвага была звернутая на яго. І гэта ўратавала відэа, якое было запісана на тэлефон сябра.

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула