Качанаву знялі на фоне дзвярэй ВІДЭА
Старшыня Савета Рэспублікі сёння праінспектавала будаўніцтва гасцінічна-дзелавога комплексу на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Кірылы Тураўскага. Яе там сустрэў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Фота: тэлеграм-канал Савета Рэспублікі
Качанава азнаёмілася з ходам работ, ёй паказалі тыпавую кватэру на шостым паверсе. Від з акна, дарэчы, ёй спадабаўся.
Скрыншот відэа Савета Рэспублікі
Таксама Наталля Качанава з прадстаўніком будаўнічага ўпраўлення Анатолем Вядзерчыкам выбірала дзверы, якія будуць устаноўленыя ў кватэрах.
Ёй прапанавалі некалькі варыянтаў з рознай цаной.
«Ну і што, якія вам лепш?» — спытала Качанава.
«Кожнаму сваё», — саскочыў Вядзерчык.
Старшыня Савета Рэспублікі ў выніку спыніла выбар на дзвярах №5 — самых простых і танных.
«385 рублёў. А нічога сабе, — парадавалася яна. — Акцэнт на суадносінах цаны і якасці! І, вядома, вытворца наш, айчынны».
Яна таксама пракаментавала журналістам стан спраў на аб'екце.
«Гэты аб'ект быў досыць праблемны, калі інвестар пачаў яго будаўніцтва, а потым проста не змог завяршыць. Доўга мы думалі, у выніку было прынята такое рашэнне, якое сёння дапаможа нам скончыць гэты аб'ект. Перш за ўсё тут будуць размешчаны гандлёвыя аб'екты, дзе будуць прадавацца тавары нашых вытворцаў, а мы ведаем, якой папулярнасцю яны карыстаюцца».
Фота: Савет Рэспублікі
«Тыя тэрміны, якія вызначаныя для ўводу гэтага аб'екта, а гэта 1 студзеня 2024 года, я ўпэўненая, што яны будуць вытрыманыя, таму што іншага не дадзена», — рэзюмавала трэцяя асоба ў краіне.
Чытайце таксама:
Наталля Качанава: Дзеці павінны быць жаданымі
Наталля Качанава прапанавала правесці інвентарызацыю прамысловасці Беларусі і Расіі
Наталля Качанава заявіла, што часам ёй хочацца ўстаць і крычаць
«Наталля Іванаўна, вы можаце проста адчыніць нам вароты ноччу». Пракоп'еў звярнуўся да Качанавай