БЕЛ Ł РУС

«Няхай апазіцыянеры баяцца». У Беларусі стварылі тры новыя атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС

12.07.2023 / 12:52

Nashaniva.com

Пра новыя атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС расказаў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Вучэнні атрада «Шторм». Усе фота: МУС 

Паводле Карпянкова, створаныя тры атрады: «Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне і «Буран» у Гомелі.

«Гэтыя падраздзяленні прызначаныя для вядзення баявых дзеянняў, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі ў асаблівы перыяд. У паўсядзённай дзейнасці гэтыя падраздзяленні ўжо і нясуць службу ў прыграніччы, і выконваюць задачы па забеспячэнні сілавога прыкрыцця нашага аператыўнага складу», — расказаў Карпянкоў. 

Стварылі гэтыя падраздзяленні ў пачатку мая.

«Ужо цяпер яны баяздольныя, выконваюць баявыя задачы. Атрады ўкамплектаваныя кантрактнікамі, якія прайшлі службу ў органах унутраных спраў у падраздзяленнях унутраных войскаў не менш як 3-5 гадоў. Падраздзяленні экіпіраваныя, навучаныя з улікам досведу правядзення ваеннай спецаперацыі ва Украіне», — сказаў ён. 

Паводле яго, вайскоўцы ўзброеныя сучаснай зброяй, забяспечаныя спецыяльнай тэхнікай, у тым ліку цеплавізійнымі прыборамі і прыцэламі, беспілотнікамі.

«Апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой і пагражаюць якім-небудзь уварваннем, яшчэ нечым на тэрыторыю Беларусі, няхай бачаць гэта і баяцца», — сказаў Карпянкоў.

Такім чынам, сілавікі пацвярджаюць жаданне ўтрымаць уладу ў краіне «на штыках». Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. 

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Чытайце таксама:

Добраахвотнік Шурмей: На маю думку, Ліду трэба будзе вызваляць з літоўскага боку

Каліновец Клачко «Кусь»: Я прыехаў змагацца не за вызваленне Украіны, а за вызваленне Беларусі. І ў гэтым маё адрозненне ад «Янкі»

Лукашэнка: Ніякі я не дыктатар, а калі і дыктатар, то не апошні

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула