У Мінску з'явілася ўстанова, дзе можна пагуляць з вожыкамі
У цэнтры Мінска адкрылася антыкавярня, дзе замест ежы і напояў можна пагуляць з вожыкамі афрыканскай пароды. Усяго іх цяпер у штаце ўстановы восем, але збіраюцца пашырацца, піша Tochka.by.
У прасторным памяшканні некалькі сталоў з невялікімі пляцоўкамі. Над імі схіліліся дарослыя і дзеці, якія назіраюць за вожыкамі. Можна жывёліну ўзяць і ў рукі.
Гэтыя вожыкі — не тыя, што водзяцца ў нашых лясах. Яны афрыканскія, выгадаваныя ў няволі і прызвычаеныя да чалавека, таму нават не скручваюцца ў клубок пры першых прыкметах увагі да сябе.
Як расказала кіраўніца антыкавярні Вольга Баркоўская, хоць адкрыліся яны зусім нядаўна, ім ужо даводзіцца павялічваць калючае пагалоўе, бо ахвотных пакамунікаваць з жывёламі шмат.
Эксперты, якія знаходзяцца побач, праводзяць абавязковы інструктаж для кожнага наведвальніка і ўважліва сочаць, каб жывёлін не крыўдзілі. Браць на рукі і гладзіць вожыкаў трэба толькі пэўным чынам: спачатку даць сябе панюхаць — «пазнаёміцца», а таксама не чапаць нос ды галаву.
Таксама вожыкаў ні ў якім разе нельга карміць, хоць у будучыні абяцаюць дадаць паслугу па кармленні цвыркунамі.
Чытайце таксама:
У Гродне ёсць таксі для жывёл «Вожык». Як гэта працуе