БЕЛ Ł РУС

Для фітнэс-трэнераў уводзяць акрэдытацыю. Тых, каго затрымлівалі за палітыку, могуць пазбавіць права працаваць

27.07.2023 / 09:03

Вера Белацаркоўская

Следам за адвакатамі і экскурсаводамі «нармалізуюць» нават такую апалітычную сферу, як фітнэс. Каб працаваць фітнэс-трэнерам, патрэбная будзе акрэдытацыя, спартовая адукацыя, а пад катрынку і адсутнасць палітычных судзімасцяў. 

Фота: AP Photo / Mary Schwalm

Пастанова Савета Міністраў, якая рэгламентуе праходжанне дзяржаўнай акрэдытацыі для фітнэс-трэнераў, пачала дзейнічаць 1 ліпеня. Спецыялісты маюць паўгода на тое, каб падрыхтавацца да акрэдытацыі і прайсці яе. 

Хто ж будзе дапушчаны да працы? Адзначым некаторыя крытэрыі.

Перш за ўсё трэнеры мусяць мець сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую спартовую адукацыю або дыплом аб перападрыхтоўцы па адпаведных спецыяльнасцях. Мінспорту выказвае гатоўнасць у выключных выпадках акрэдытаваць трэнераў без такой адукацыі, але пакуль невядома, што маецца на ўвазе і хто можа атрымаць такі шанс.

Каб атрымаць акрэдытацыю, трэнеры і кіраўніцтва фітнэс-клубаў мусяць не быць прыцягнутымі да адказнасці за «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, у тым ліку да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь і канстытуцыйнага ладу».

Таксама дзяржава патрабуе ад фітнэс-трэнераў і іх кіраўніцтва не быць прыцягнутымі да адказнасці за «здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці».

Паводле закона «Аб фізічнай культуры і спорце», працаваць трэнерамі не могуць і тыя беларусы, хто пазбаўлены права займацца педагагічнай дзейнасцю ў сферы фізічнай культуры і спорту, у каго ёсць непагашаная судзімасць або судзімасць, якая не знятая; хто прызнаны недзеяздольным ці абмежавана дзеяздольным. Спартоўцаў, дыскваліфікаваных за допінг, адхіляюць ад трэнерства на час дыскваліфікацыі.

Астатнія патрабаванні збольшага датычаць абсталявання фітнэс-цэнтраў, трэнажорных залаў і спартовых школ, а таксама выканання ў іх санітарна-эпідэміялагічных нормаў.

Праўда, сярод абсталявання ў такіх месцах павінны прысутнічаць дзяржаўныя сімвалы Беларусі.

На праходжанне акрэдытацыі трэнерам і ўладальнікам фітнэс-цэнтраў далі паўгода. Гэтага часу можа хапіць, каб вырашыць праблемы з абсталяваннем залаў, але ж адукацыя трэнераў зойме нашмат больш часу. На сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую спартовую адукацыю трэба 3—5 гадоў, на праходжанне перападрыхтоўкі — каля паўтара года, а часам і больш.

Адзін з беларускіх фітнэс-трэнераў пракаментаваў «Нашай Ніве» новую пастанову на ўмовах ананімнасці. Мужчына адзначае, што сама ідэя акрэдытацыі неблагая, бо так у індустрыі з'явяцца стандарты якасці і яе можна будзе вычысціць ад нядобрасумленных трэнераў. Але да рэалізацыя ідэі ёсць пытанні.

«Трэнеры, у якіх няма такой адукацыі, пры ўсім жаданні не змогуць атрымаць яе за паўгода. Калі яны цяпер запішуцца ў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры БДУФК, [патрэбная] адукацыя ў іх будзе толькі праз 18 месяцаў.

Пакуль чыноўнікі не разглядаюць магчымасці таго, каб у гэты час студэнты маглі прайсці акрэдытацыю, таму працаваць яны змогуць толькі праз паўтара года.

У людзей выбар: або пакінуць індустрыю, або пайсці ў цень і працаваць без акрэдытацыі. Пры другім варыянце ім прыйдзецца закрыць ІП, бо яны не змогуць працаваць легальна. Такім чынам індустрыя сама сябе крыху падкосіць.

У Беларусі шмат нелегальных трэнераў, гэта не сакрэт, таму, наадварот, варта іх прастымуляваць працаваць легальна ў тых стандартах якасці, якія можна выканаць. А атрымліваецца наадварот: добрыя спецыялісты, якія працуюць легальна, могуць пайсці ў цень», — кажа спартовец.

Суразмоўца кажа, што ў расійскім фітнэсе такая акрэдытацыя ўжо існуе, але працуе крыху інакш: там прыватныя школы трэнераў могуць выдаваць дыпломы аб перападрыхтоўцы. Але ж у Расіі права выдаваць дыпломы атрымліваюць «усе запар», таму адукацыя трэнераў, як кажа суразмоўца, там ператварылася ў фікцыю. 

Ёсць пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб узаемным прызнанні дыпломаў, таму ёсць шанс, што расійскія дыпломы падыдуць для акрэдытацыі беларускіх трэнераў. Калі так і будзе, то, прадказвае трэнер, беларусы проста будуць высылаць у Расію па 200 даляраў, каб атрымаць дыплом і прайсці акрэдытацыю. 

Наш суразмоўца бачыць праблему і ў тым, што новая пастанова зацягвае фітнэс у спорт, хаця насамрэч гэта зусім розныя рэчы:

«Фітнэс-трэнеру не трэба ведаць, як вырасціць чэмпіёна і якія правілы ў спартовых дысцыплінах. Яму трэба ведаць, як працаваць з целам чалавека дзеля здароўя.

У спорце цела — інструмент для дасягнення мэты, яго можна выкарыстоўваць як заўгодна, толькі б дасягнуць лепшага выніку. 

У фітнэсе іншая задача і іншы падыход. Мы працуем са звычайнымі людзьмі, якія хочуць быць прыгожымі і здаровымі, для нас цела — гэта мэта, а рухі — гэта сродак. Нагрузкі ў фітнэсе выбіраюцца не для таго, каб паказаць лепшы вынік, а каб нашаму целу, мышцам, суставам стала лепш, каб мускулы сталі больш моцнымі і пругкімі».

Бянтэжыць суразмоўцу і тое, чаму вучаць падчас дзяржаўнай перападрыхтоўкі. Там хапае непатрэбных прадметаў накшталт правілаў спартовых дысцыплін ці дзяржаўнай ідэалогіі, ёсць і слушныя рэчы, але там студэнтам не расказваюць, напрыклад, як працаваць з кліентамі. 

У той жа час пункт пра адсутнасць судзімасцяў за парушэнне грамадскага парадку і непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў дае падставу лукашыстам выкінуць з прафесіі людзей, якіх судзілі за пратэсты.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула