Што вядома пра «Піянера», які будзе кіраваць ПВК «Вагнер» у Беларусі
19.07.2023 / 19:16
Падчас прамовы на адкрыцці лагера ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі Яўген Прыгожын згадаў найміта Сяргея «Піянера» і сказаў, што гэтага баевіка прызначылі галоўным на беларускім кірунку. Распавядаем, што пра яго вядома.
Гэта непублічны камандзір ПВК «Вагнер», дакладныя звесткі пра асобу якога не раскрывалі раней.
Піянер у Беларусі. Скрыншот відэа ПВК «Вагнер»
Упершыню пра яго згадваюць у 2020 годзе. У снежні 2020-га былы найміт «Вагнера» Марат Габідулін даў інтэрв'ю расійскаму выданню «Медуза». Там ён казаў пра Піянера:
«А ў 2018-м і 2019-м я ўжо перастаў знаходзіць тлумачэнні, чаму людзей ставілі на чале таго ці іншага атрада. Камандзіры прызначаліся як быццам па нейкім блаце. Напрыклад, я здзівіўся, калі старшым падчас баявой аперацыі ў Гуце стаў Піянер, які да таго працаваў толькі ў штабе. У цябе ж досведу няма баявога — як ты камандуеш?
Пазней, у 2019 годзе, паступіў загад хуценька адправіць сірыйцаў з нашага атрада «Паляўнічыя на ІДІЛ» у Лівію. Калі яны туды прыбылі, паступіў званок ад Піянера: «Слухай, а вось тых, каго вы даслалі, іх можна як смяротнікаў выкарыстоўваць?» Які нармальны чалавек такое спытае! Тым больш пра маіх хлопцаў».
Праз год украінскі партал «Матрица свободы» называў яго кіраўніком «Вагнера» ў Лівіі. Сцвярджалася, што Піянер пастаянна знаходзіцца на базе Эль-Джуфра і цесна кантактуе з заснавальнікам «Вагнера» Дзмітрыем Уткіным, вядомым па мянушках Вагнер і Дзявяты.
Апошні раз Піянер даў каментар у чэрвені гэта года. Там яго называюць «камандзірам ПВК «Вагнер», удзельнікам баявых дзеянняў у Сірыі, Цэнтральнай Афрыцы, Судане, Малі і іншых краінах». Там жа сцвярджаецца, што ён кавалер пяці ордэнаў Мужнасці. Ён сам кажа:
«Аднойчы прысягнуўшы свайму народу і Айчыне, я да гэтага часу гатовы абараняць са зброяй у руках Расію як ад знешніх ворагаў, так і ўнутраных, якія сваё асабістае ставяць вышэй за каштоўнасці грамадзян краіны і дзяржавы ў цэлым».
Такім чынам, хутчэй за ўсё, ён расіянін або, прынамсі, мае грамадзянства гэтай краіны.
Чытайце таксама:
Прыгожын у сваёй першай прамове ў Беларусі заклікаў «не крыўдзіць беларускіх дзяўчат»
У Беларусь прыбылі яшчэ дзве калоны вагнераўцаў — «Беларускі Гаюн»
«Спакойнаму жыццю прыйшоў канец». Жыхары вёскі Цэль расказалі пра суседства з вагнераўцамі