У Магілёве скарачаецца насельніцтва, але апетыты забудоўшчыкаў растуць. Пад раён 18-павярховікаў хочуць аддаць тэрыторыю каля Буйніцкага поля
У горадзе, дзе паводле апошняга перапісу змяншаецца насельніцтва, працягваюць будаваць гіганцкія раёны са шматпавярховымі жылымі дамамі. Новы такі раён мусіць з'явіцца на адной з галоўных магістраляў горада, вуліцы Чалюскінцаў, якая вядзе да мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», каля якога хочуць узвесці новы раён. Фота: Яндэкс Карты
Раён «Зялёны Луг» будзе падзелены на два мікрараёны: першы будзе складацца з 6 кварталаў, другі — з 8. Праектам прадугледжана будаўніцтва дзіцячых садкоў і школы, паліклінікі, аб'ектаў першаснага культурна-бытавога абслугоўвання, месцаў адпачынку, спортпляцовак. На тэрыторыі двух мікрараёнаў плануюць будаўніцтва 10-павярховых і 18 — павярховых дамоў — у іх будуць жыць амаль 12 тысяч чалавек.
Вялікі новы раён будзе пабудаваны на тэрыторыі, якая, паводле генплана, прызначана пад зямлі сельгаспрызначэння. Гэта ўжо другі буйны прыклад парушэння генеральнага плана, раней магілёўскія ўлады дамагліся ад рэспубліканскага кіраўніцтва дазволу на забудову сельскагаспадарчых угоддзяў на ўсход ад горада, каля жылога раёна «Саломінка».
Такі падыход дазваляе дзяржаўным забудоўшчыкам не задумвацца аб перасяленні жыхароў, зносе старой забудовы і іншым, а атрымліваць чысты прыбытак з кожнага праданага метра. Інфраструктура і сеткі ў такім выпадку цалкам кладуцца на горад.
Цяпер на сайце Магілёўскага гарвыканкама праводзіцца грамадскае абмеркаванне гэтага праекта, якое будзе доўжыцца да 23 жніўня.
Чытайце таксама:
На Буйніцкім полі хочуць узвесці музей у выглядзе савецкага ордэна
У Аколіцы пад Мінскам на загад Лукашэнкі пачынаюць будаваць катэджны пасёлак для вайскоўцаў
Мінчукам прапанавалі танна пабудавацца ў Ляхавічах. Колькі ахвотных?