Слесара з Ваўкавыска за рэпост незалежнага медыя затрымлівалі не менш за шэсць сілавікоў
Ад хвалявання мужчына некалькі хвілінаў не мог выгаварыць тэкст, які яму напісалі. Супрацоўнік органаў дыктаваў яго па словах.
Аляксандр Жук. Фота: ягоная старонка «Укантакце»
Аляксандру Жуку 31 год. Ён з Ваўкавыска, раней працаваў кіроўцам, а цяпер — слесарам на дзяржаўным прадпрыемстве. Таксама ён адслужыў у Паветрана-дэсантных войсках.
Мужчыну затрымалі за рэпост нейкага з незалежных рэсурсаў, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім». Яго затрымлівалі пяць узброеных САХРаўцаў, якія адразу павалілі яго на зямлю. Але ў відэа бачны яшчэ адзін супрацоўнік органаў у цывільным. З улікам чалавека, які здымае ўсё на відэа, да затрымання прыцягнулі ад шасці да сямі супрацоўнікаў МУС.
Сілавікі чакаюць Аляксандра Жука ў інтэрнаце, дзе ён жыве. Скрыншот з канала гродзенскага ГУБАЗіК
Ад хвалявання Аляксандр нейкі час не мог вымавіць тэкст, прапанаваны сілавікамі. У відэа сілавік дыктуе яму тэкст, які ён мусіць сказаць, паслоўна, але ў мужчыны не атрымліваецца. На Аляксандра, як паведамляецца, завялі адміністрацыйную справу.
Чытайце таксама:
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца
Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд