БЕЛ Ł РУС

На мяжы затрымалі былога палітвязня і журналіста з Драгічына Сяргея Гардзіевіча

18.09.2023 / 12:40

Nashaniva.com

Затрыманне адбылося 14 верасня ў пункце пропуску «Брэст», калі Сяргей Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь, піша БАЖ. 

Паводле папярэдніх звестак, у былога журналіста сайта «Першы рэгіён» на мяжы праверылі мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

Магчыма, Сяргея Гардзіевіча будуць вінаваціць паводле артыкула 19.11 КаАП — «за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Іншых акалічнасцяў затрымання пакуль няма.

Сяргей Гардзіевіч раней супрацоўнічаў з незалежным інтэрнэт-парталам «Першы рэгіён» і быў карэспандэнтам гэтага сайта ў Драгічыне.

2 жніўня 2021 года суд Іванаўскага раёна прызнаў Сяргея Гардзіевіча вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК), у распаўсюдзе загадзя ілжывых і зневажальных іншых асоб звестак (паклёп), якія змяшчаюць абвіначванне ў здзяйсненні цяжкага злачынства (арт. 188 КК) і публічнай абразе «прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 368 КК).

Журналіст у судзе сваю віну не прызнаў, але быў пакараны да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі палітвязнем. Большую частку пакарання журналіст адбываў у папраўчай калоніі №17 у Шклове і выйшаў на волю напрыканцы кастрычніка 2022 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула