ЗША папрасілі Польшчу растлумачыць заяву аб спыненні падтрымкі Украіны
Тыя словы прагучалі на фоне рознагалосся Кіева і Варшавы наконт экспарту ўкраінскага збожжа.
Анджэй Дуда. Фота: Paul Ellis-Pool / Getty Images
Bloomberg са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў Пентагоне паведамляе, што ЗША папрасілі Польшчу растлумачыць заяву аб спыненні падтрымкі Украіны.
Польшча па-ранейшаму гатовая падтрымаць Украіну, але канкрэтная пазіцыя афіцыйнай Варшавы незразумелая, кажа крыніца агенцтва. Да расколу ў адзінстве кааліцыі рознагалоссі Польшчы і Украіны пакуль не прывялі.
Польскія дыпламаты ў прыватным парадку запэўнілі замежных калегаў, што вайсковая падтрымка Украіны, хай і ў меншых маштабах, працягнецца.
Крыніца Bloomberg мяркуе, што адмова Польшчы ад падтрымкі можа пагібельна паўплываць на ваенныя дзеянні ва Украіне, бо можа падарваць адзінства NATO.
Нагадаем, што нядаўна прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што цяпер яго краіна не перадае зброі Украіне, бо занятая ўзбраеннем уласнай арміі.
Заява Маравецкага прыцягнула шырокую ўвагу СМІ на фоне рознагалосся Кіева і Варшавы наконт экспарту ўкраінскага збожжа.
Пазней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што нядаўнія словы прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага былі «інтэрпрэтаваныя найгоршым чынам».
Польшча з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну аказала Кіеву вайсковую дапамогу на суму большую за тры мільярды еўра.