Трэнд блоккор — што гэта?
Любоў да футболак перажывае другое нараджэнне. З'явілася нават слова «блоккор» — ад англійскага «bloke», што на слэнгу брытанскіх футбольных ютубераў азначае «братка / бро», і ад «core» — абазначэння розных стылёвых напрамкаў.
Фота: Getty Images
Як англійскія ультрас сталі моднымі трэндсэтарамі
Новы трэнд выйшаў з руху «Ультрас». Рух «Ультрас» — асаблівая катэгорыя спартыўных фанатаў. Гэта яны ствараюць атмасферу падчас матчаў: прыносяць барабаны і фаеры. Пры гэтым, акрамя любові да спорту, ультрас вядомыя сваёй ваяўнічасцю і хуліганствам.
Англійскія фанаты, якія належалі да руху і асабліва славіліся любоўю да боек, імкнуліся знайсці элементы адзення, якія па-за межамі стадыёнаў адрознівалі б іх ад прыхільнікаў супрацьлеглай групы. Пры гэтым адкрыта выкарыстоўваць фанацкую атрыбутыку было нельга, каб лішні раз не прыцягваць увагі паліцыі.
Так, у 1970-я гады ў маладзёжным паўсядзённым гардэробе сталі з'яўляцца рэчы, неймаверныя для прадстаўнікоў старэйшага пакалення таго часу: спартовыя гарнітуры, красоўкі і схаваныя пад вятроўкамі кашулі-пола з лагатыпамі клубаў. Ствараючы аўтфіты, адны фанаты спрабавалі прытрымлівацца фірмовых колераў улюблёнай каманды, іншыя — выбіралі асобныя брэнды.
Наратыў, што пэўная марка можа стаць «уніформай» удзельнікаў «Ультрас», замацавала кіно.
Кадр са стужкі «Фірма»
Напрыклад, пасля выхаду на экраны фільма «Гэта — Англія» фірма Ben Sherman стала папулярнай у скінхэдаў. Падчас правядзення міжнародных матчаў па клятчастых кашулях можна было вызначыць аматара футбола з Вялікабрытаніі.
Фота: затрыманне футбольнага фаната ў кашулі ад Ben Sherman. Шэфілд, 1971 год
Другі фільм — «Хуліганы Зялёнай вуліцы» — зрабіў папулярным брэнд Stone Island. Асаблівай павагай сярод радыкальных фанатаў цяпер карыстаюцца іх курткі: яны выдатна абараняюць ад холаду, ветру і дажджу, а таксама досыць трывалыя, каб перажыць чарговую бойку.
Кадр з фільма «Хуліганы Зялёнай вуліцы», галоўны герой у плашчы ад брэнда Stone Island
У 1980—1990-я хуліганскай рамантыкай руху сталі натхняцца вядомыя брэнды: Burberry, Aquascutum, Prada, Armani, Ralph Lauren, Henri Lloyd, Paul & Shark пачалі вырабляць мадэлі, арыентаваныя на аматараў футбола.
Кадр з кіно «Фірма», галоўны герой у плашчы ад Burberry
Зрэшты не ўсе маркі былі радыя любові заўзятараў. У 1982 годзе вядомы вытворца спартовага абутку New Balance апынуўся ў цэнтры рэпутацыйнага скандалу. Радыкальныя фанаты і прыхільнікі нацыяналістычных поглядаў ацанілі якасць прадукцыі і пачалі хадзіць на разборкі ў гэтых красоўках. У выніку брэнду прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб перастаць асацыявацца з уніформай агрэсіўных фанатаў і адэптаў ультраправых поглядаў.
У сярэдзіне дзевяностых — нулявых узмацненне жорсткасці ўлад да ультрас прывяло да змен унутры самой субкультуры. Фанаты сталі праяўляць менш агрэсіі за межамі стадыёнаў — гэта азначала, што адзявацца ў футбольны мерч цяпер было бяспечна для звычайных людзей.
Спявак Oasis Ліям Галахер (злева) і яго брат, гітарыст Ноэл Галахер (справа), у футболках «Манчэстэр Сіці», 1994 год. Фота: Кевін Камінс / Getty Images
А такія музычныя калектывы, як Oasis і Happy Mondays, якія выкарыстоўвалі элементы фанацкага адзення для стварэння сваіх лукаў, вывелі спартовыя рэчы ў масы, далёкія ад спорту.
Блоккор заваёўвае сацсеткі
Сёння любоў да футбольных цішотак перажывае другое нараджэнне, для іх нават прыдумалі асобную назву — «блоккор». Слова пайшло ад англійскага «bloke» — што на слэнгу брытанскіх футбольных ютубераў азначае «братка / бро», і ад «core» — абазначэння розных стылёвых напрамкаў.
Фота: інстаграм
Аўтар тэрміна — амерыканскі тыкток-блогер Брэндан Хантлі. Яшчэ ў 2021 годзе хлопец апісаў гэтай назвай свой паўсядзённы лук, які складаўся з фанацкай майкі і джынсаў. «Самы гарачы трэнд 2022-га — блоккор», — напісаў ён у сваіх сацсетках. Пост завірусіўся, а сам трэнд пачаў набіраць абароты.
Сёння толькі ў тыктоку больш за 450 мільёнаў людзей шукаюць інфармацыю, як стылізаваць футбольныя майкі з паўсядзённым адзеннем, праз аднайменны хэштэг. Гарачы трэнд падтрымліваюць і сусветныя знакамітасці. Напрыклад, аўтфіт са спартыўнай цішоткай зрабіла спявачка Рыяна.
Фота: сацсеткі спявачкі Рыяны
Адмысловым шыкам лічацца майкі мінулых сезонаў. Адну з такіх надзела амерыканская зорка армянскага паходжання Кім Кардаш'ян. Яна з'явілася на публіцы ў рэдкай чорнай футболцы ПСЖ сезона 2001/2002. Пазней, у лютым 2023-га, Кардаш'ян пераапранулася ў рэтраформу «Ромы» сезона 1997/1998.
Фота: sports.ru
Гэты лук пайшоў на карысць італьянскаму клубу: толькі за два дні колькасць інтэрнэт-запытаў з назвай каманды павялічылася ажно на 3000%.
Што прапануюць брэнды
Маркі адзення таксама спрабуюць угнацца за трэндам. Напрыклад, спартовы брэнд Аdidas выпусціў футбольныя майкі з бавоўны, камфортныя для паўсядзённай носкі. Адметная рыса новых цішотак — адсутнасць лагатыпаў спонсараў камандаў.
Фота: інстаграм брэнда
У сваіх эксперыментах з блоккорам лонданскі брэнд Wales Bonner пайшоў яшчэ далей. На падмостках Тыдня моды ў Парыжы яго дызайнеры прэзентавалі новы погляд на кашулю Adidas Jamaica: яна стала больш прыталенай і паўсядзённай.
Фота: інстаграм брэнда
Аднак найвышэйшым стылістычным пілатажам застаецца ўменне знаходзіць футбольныя цішоткі ў сэканд-хэндах. Так моднікі трапляюць адразу ў дзве актуальныя тэндэнцыі — блоккор і беражлівае стаўленне да прыроды і адзення.