БЕЛ Ł РУС

Замест святкавання юбілею — за краты. Віцяблянка Людміла Камінская сустрэла сваё 60-годдзе ў ІЧУ

20.10.2023 / 23:11

Nashaniva.com

19 кастрычніка жанчыну выклікаў на размову супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебска Уладзіслаў Шышкавец. На пытанне, пра што размова, міліцыянер адказаў каротка: «Прыйдзеце — даведаецеся». У выніку аб 11-й гадзіне на жанчыну склалі пратакол «за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» (па ч. 2 арт. 19.11 КаАП) — на яе старонках у сацсетках знайшлі спасылкі амаль трохгадовай даўніны на інфармацыйныя рэсурсы, якія цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Фота: сацсеткі Людмілы Камінскай

Аднак у суд Людмілу Камінскую не накіравалі ні ў той самы дзень, ні на наступны. Пасля ночы ў ізалятары часовага ўтрымання яе зноў прывезлі ў райаддзел міліцыі і склалі яшчэ адзін пратакол па тым самым артыкуле.

«Гэта такое міліцэйскае вынаходніцтва — «перазатрыманне», калі 72 гадзіны, якія заканадаўства дазваляе трымаць чалавека за кратамі да суду, адлічваюцца наноў з моманту складання чарговага пратакола, — тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў. —

20 кастрычніка жанчына збіралася адзначыць 60-гадовы юбілей. І яна цалкам магла б гэта зрабіць, каб суд прызначыў ёй штраф і адпусціў дадому. Але віцебская міліцыя праявіла сябе з найгоршага боку: на Людмілу Камінскую склалі другі пратакол за два дні і кінулі за краты на ўсе выходныя».

Праваабаронца напісаў зварот да пракурора горада Віцебска Андрэя Шклярэўскага, заўважыўшы, што лічыць пазіцыю супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС незаконнай і негуманнай. Апошняе тычыцца не толькі сапсаванага асабістага свята. Сталую жанчыну амаль суткі катавалі голадам — з моманту з'яўлення ў РАУС раніцай 19 кастрычніка да снядання ў ІЧУ 20 кастрычніка.

Сябры Людмілы Камінскай перакананыя, што затрыманне напярэдадні юбілею — гэта свядомы здзек з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія мелі ўсе асабістыя даныя жанчыны і маглі выклікаць яе ў любы іншы дзень.

Пад увагу супрацоўнікаў міліцыі спадарыня Людміла трапіла не ўпершыню: яна была адной з шасці жанчын, якіх затрымалі ў студзені 2021 года ў прыгарадным лесе падчас заняткаў са скандынаўскімі палкамі. Міліцыянты вырашылі, што спадарыні, пераважна пенсійнага веку, выправіліся ў лес праводзіць несанкцыянаваную акцыю.

Той інцыдэнт меў шырокі рэзананс, бо затрыманне было абсалютна бязглуздым, і нават суды адмовіліся разглядаць адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць жанчын звышпільнымі міліцыянтамі.

Чытайце таксама:

У Слоніме настаўніцу з 20-гадовым стажам асудзілі за захоўванне кнігі па гісторыі

Інжынерку з «Паліміра» пакаралі за «экстрэмізм у сацыяльнай сетцы»

У Брэсце затрымалі караціста, нібыта за здымкі вайсковай тэхнікі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула