Шэйман сустрэўся з прэзідэнтам Зімбабвэ. Беларускія дзяржаўныя СМІ пра гэта не паведамілі
1.11.2023 / 16:26
Візіт асвятлялі зімбабвійскія дзяржорганы.
Фота: twitter.com/DeptCommsZW
Спецпасланнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, які курыруе афрыканскі кірунак, адправіўся з візітам у Зімбабвэ. 30 кастрычніка ён правёў шэраг сустрэч у гэтай краіне, піша Reform.by.
30 кастрычніка Шэйман сустрэўся з міністрам замежных спраў Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавай і прэзідэнтам Эмерсанам Мнангагва. Візіт асвятлялі зімбабвійскія дзяржорганы. Беларускія дзяржаўныя СМІ пра яго нічога не паведамлялі.
«Прэзідэнт Мнангагва вітаў генерала Віктара Шэймана, спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Беларусі, у Дзяржаўным палацы. Бакі абмеркавалі статус пагадненняў, падпісаных падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ сёлета», — паведамляе МЗС Зімбабвэ.
Канцылярыя зімбабвійскага прэзідэнта паведаміла, што Мнангагва і Шэйман разгледзелі ход рэалізацыі пагадненняў, падпісаных падчас візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ ў студзені гэтага года. Таксама паведамлялася, што Шэйман збіраецца сустрэцца з прадстаўнікамі міністэрстваў сельскай гаспадаркі і горназдабыўной прамысловасці.
Як паведамляе зімбабвійскае выданне The Herald, беларуская дэлегацыя абмяркоўвала супрацоўніцтва з Зімбабвэ ў сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, размова ішла аб малочнай прамысловасці і будаўніцтве сучаснага малочнага комплексу ў Зімбабвэ.
«У нас добрыя адносіны. Як вы ведаеце, у нашых краінах працуюць пасольствы, і мы супрацоўнічаем у сельскай гаспадарцы, асабліва ў малочнай прамысловасці. Мы думаем, іх тэхналогіі выявяцца для нас карыснымі. У Беларусі фантастычныя малочныя заводы», — заявіў міністр замежных спраў Зімбабвэ.
Чытайце таксама:
Бізнэсоўца Зінгмана заўважылі на перамовах Лукашэнкі і Мбасога ФОТАФАКТ
На інаўгурацыю прэзідэнта Зімбабвэ адправілі віцэ-прэм'ера Пархомчыка