БЕЛ Ł РУС

Следства разглядае чатыры версіі гібелі памочніка Залужнага

8.11.2023 / 15:23

Nashaniva.com

Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны назвала асноўную.

Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР) разглядае чатыры версіі гібелі памочніка галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага маёра Генадзя Часцякова, прыярытэтнай з'яўляецца — няшчасны выпадак, пра гэта паведаміла дарадца па стратэгічных камунікацыях ДБР Таццяна Сап'ян у эфіры нацыянальнага тэлемарафона, піша «Украінская праўда».

«У крымінальнай вытворчасці цяпер вылучана чатыры магчымыя версіі названых падзей. Асноўная версія — няшчасны выпадак, які здарыўся ў выніку неасцярожнага абыходжання з выбуховым прыстасаваннем», — сказала яна.

Другая версія, якую разглядае следства — наўмыснае забойства, замах на забойства яго сямейнікаў, завуаляваны пад ненаўмыснае забойства або няшчасны выпадак на замову спецслужбаў Расіі з мэтай дэстабілізацыі ваенна-палітычнай сітуацыі ва Украіне.

Яшчэ адна версія — наўмыснае забойства Часцякова, здзейсненае на глебе непрыязных адносін (магла быць помста або рэўнасць з боку калег па службе).

Чацвёртая версія — здзяйсненне замаху на наўмыснае забойства іншай службовай асобы з атачэння галоўнакамандуючага УСУ».

***

Маёр УСУ Генадзь Часцякоў загінуў 6 лістапада, калі святкаваў свой дзень нараджэння. Ён вярнуўся дадому з падарункамі ад калег, сярод якіх была скрынка, у якой сярод іншага знаходзілася шэсць гранат заходняга ўзору. Адну з гранат узяў у рукі сын вайскоўца. Забіраючы ў дзіцяці гранату, афіцэр вырваў кальцо, адбыўся выбух. Часцякоў загінуў на месцы. Яго 13-гадовы сын шпіталізаваны з цяжкімі раненнямі, а 11-гадовая дачка атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні.

На месцы здарэння праваахоўнікі канфіскавалі яшчэ 5 такіх гранат.

Падчас правядзення неадкладнага ператрусу ў вайскоўца, які зрабіў гэты небяспечны падарунак, былі канфіскаваныя два аналагічныя боепрыпасы.

Заведзеная крымінальная справа па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт 115 («Наўмыснае забойства») і ч. 1 арт. 263 КК Украіны («Незаконнае абыходжанне са зброяй, боепрыпасамі або выбуховымі рэчывамі»). 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула