Што за беларуская гульня, у якую інвеставаў Раналду
Крышціяну Раналду далучыўся да інвеставання 40 мільёнаў даляраў у футбольны сімулятар, створаны беларусамі. Расказваем галоўнае пра гульню, што прывабіла футбольную легенду.
Фота: uflgame / Instagram
Мільёны ад Раналду атрымае бясплатны футбольны сімулятар UFL. Пра гэтую гульню, якая пакуль не з’явілася на рынку, кажуць, што яна створаная геймерамі і заснаваная на справядлівым падыходзе да футбола, калі на першы план выходзяць навыкі геймера. UFL лічаць канкурэнтам знакамітага футбольнага сімулятара EA Sports FC, які раней выходзіў пад назвай FIFA.
Раналду — адзін з групы інвестараў, якія перавядуць 40 мільёнаў даляраў на развіццё UFL. Форвард саудаўскага «Аль-Насра» цёпла выказваецца пра новы прадукт: «Я ў захапленні ад таго, што станаўлюся часткай гэтага праекта, бо UFL можа стаць футбольнай гульнёй новага пакалення».
Сярод стваральнікаў UFL — кампанія Strikerz Inc., якая цяпер базіруецца на Кіпры, але мае беларускія карані. Яе кіраўнік, беларус Яўген Нашылаў, не менш рады пасупрацоўнічаць са знакамітым партугальцам: «Тое, што Крышціяну Раналду далучаецца да нас як партнёр і інвестар — значны крок наперад і падтрымка нашага бачання таго, як стварыць вядучую гульню для футбольных фанатаў ва ўсім свеце. UFL імкнецца да інавацый, тэхналогій і забаўляльнасці, і мы бачым вялікія магчымасці для таго, каб працаваць у гульнявой індустрыі па-іншаму».
Strikerz Inc. робяць новую гульню разам з беларускімі распрацоўшчыкамі Vizor Games, і распрацоўка доўжыцца ўжо сем гадоў. Раналду звязаўся з праектам яшчэ ў 2022-м, калі выйшаў першы геймплэйны ролік UFL. У відэа прысутнічалі віртуальныя двайнікі лепшых футбалістаў свету: акрамя Крышціяну, там з'явіліся Рамэлу Лукаку, Раберта Фірміна і Кевін Дэ Бруйнэ.
Што вядома пра саму гульню UFL? Чакаецца, што ў ёй геймеры атрымаюць магчымасць ствараць уласныя клубы і выбіраць для яе гульцоў з больш чым пяці тысяч ліцэнзаваных футбалістаў. Таксама ў геймераў будзе магчымасць спаборнічаць з іншымі гульцамі з усяго свету.
Слоган гульні — «Гуляй бясплатна, гуляй сумленна», і распрацоўшчыкі абяцаюць, што поспех на гульнявым полі будзе залежаць толькі ад навыкаў геймера. Нашылаў кажа: «Вы ніколі не будзеце абавязаныя нешта набыць у UFL, каб дасягнуць высокага ўзроўню і заставацца канкурэнтаздольным».
Дата рэлізу гульні пакуль невядомая, але хутка пачнецца фаза яе закрытага тэставання. Гульня будзе даступная для кансоляў PlayStation 5 і Xbox Series X і S. Можна будзе атрымліваць усе новыя абнаўленні UFL без дадатковых выплат ці штогадовых унёскаў.
У чым феномен футбола ў Саудаўскай Аравіі, куды за Раналду ламануліся топавыя еўрапейцы
Найлепшы футбаліст Беларусі — віцябчук з афрыканскімі каранямі. Хто такі Макс Эбонг
Ведаеце, хто абганяе «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі? Заштатны клуб з двума ўкраінцамі ў складзе