БЕЛ Ł РУС

У МУС адказалі, ці будуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, у якіх ёсць дакументы іншых дзяржаў

17.12.2023 / 15:28

Nashaniva.com

Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун пракаментаваў патрабаванне ўладаў паведамляць у міліцыю аб наяўнасці дакументаў замежнай дзяржавы, да прыкладу, «карты паляка». Ці праўда, што калі адправіш такое апавяшчэнне, то могуць пазбавіць беларускага грамадзянства? — спыталі ў яго.

Бягун назваў гэта фэйкам.

— Акрамя таго, у інтэрнэце распаўсюджваецца лжывая інфармацыя, што беларусаў не будуць выпускаць за мяжу, калі яны не апавясцілі адпаведныя органы аб наяўнасці дакументаў, выдадзеных у іншых краінах. І гэта няпраўда.

Паводле яго слоў, з 2002 года наяўнасць замежнага грамадзянства не зʼяўляецца падставай для страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь, як было раней. У тым жа годзе прыбралі пераходную норму, адпаведна з якой дзіця па дасягненні 18 гадоў павінна было выбраць грамадзянства, калі ў яго было некалькі пашпартоў. Для беларускага боку такое дзіця цяпер лічыцца грамадзянінам Беларусі, і пасля паўналецця яно можа нават служыць у нас у войску.

Але калі ўзнікае пытанне пра кантрактную службу, прыём на дзяржаўную службу ці іншую працу, звязаную з прыналежнасцю да нашай краіны, то тут без выхаду з іншага грамадзянства не абысціся, кажа Бягун.

Пакуль адказнасці за тое, што не паведаміў пра дакументы іншых краін няма, але «прапрацоўваецца ўвядзенне пэўных мер супраць тых, хто праігнаруе патрабаванне закона».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула