БЕЛ Ł РУС

Напярэдадні вынясення прысуду башкірскаму актывісту стаў недаступны канал, які асвятляў пратэсты ў Башкірыі

16.01.2024 / 23:54

Nashaniva.com

У тэлеграме стаў недаступны канал «Куштау Байрам», які асвятляў пратэсты супраць суду над башкірскім актывістам Фаілем Алсынавым, заўважыла Sota. Прысуд Алсынаву перанеслі на 17 студзеня.

Алсынаў зʼяўляецца адным з лідараў нацыянальнага руху башкіраў і актыўна выступаў супраць здабычы золата ў рэгіёне ў 2023 годзе. 

Як лічыць следства, у красавіку на адной з акцый ён, прамаўляючы на башкірскай мове, выказаўся супраць мігрантаў, якія працавалі на капальнях, мовай варажнечы. Актывісты ж настойваюць, што пераклад прамовы, які быў прадстаўлены ў судзе, наўмысна сказілі. 

Алсынава абвінавацілі ў экстрэмізме, пракурор запытаў для яго 4 гады калоніі-пасялення.

Некалькі тысяч чалавек сабраліся 15 студзеня каля суда ў горадзе Баймак. Прысуд у выніку быў перанесены на 17 студзеня.

Адным з апошніх пастоў на канале «Куштау Байрам» быў заклік прыходзіць заўтра да суда.

На працягу сённяшняга дня башкірскія ўлады рабілі спробы знізіць заўтрашнія пратэсты: запавольвалася праца «Укантакце» і WhatsApp, заблакаваныя іншыя тэлеграм-каналы, таксама быў затрыманы шэраг актывістаў, піша Sota.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула