Расія завербавала на вайну супраць Украіны 200 непальцаў, 14 ужо загінулі
Міністр замежных спраў Непала Нараян Пракаш Сауд заявіў, што 200 грамадзян ягонай дзяржавы былі завербаваныя Расіяй для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Пра гэта дыпламат паведаміў у інтэрв'ю Associated Press.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vasily Deryugin / AP
«Мы папрасілі Расійскую Федэрацыю неадкладна спыніць вярбоўку непальцаў у сваё войска, неадкладна вярнуць тых, хто ўжо служыць у войску, рэпатрыяваць целы загінулых, а таксама вылечыць і вярнуць тых, хто быў паранены», — сказаў Сауд.
Кіраўнік МЗС гэтай азіяцкай краіны адзначыў, што Непал патрабуе ад Расіі грашовай кампенсацыі сем'ям наймітаў, якія загінулі падчас баявых дзеянняў. Усяго пацверджаныя смерці 14 непальцаў, якія ваявалі за Расію.
Дыпламат таксама расказаў, што Непал мае звесткі, нібыта пяцёра грамадзян, якія ваявалі на баку расіян, патрапілі да ўкраінцаў у палон.
Агенцтва падкрэсліла, што ўрад забараніў непальцам ездзіць у РФ з мэтай працаўладкавання, адзначыўшы, што многія з іх былі завербаваныя расійскай арміяй для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.
Як дадае AP, расійскія афіцыйныя асобы не каментуюць вярбоўку замежных грамадзян, але СМІ таксама паведамляюць, што разам з непальцамі войска РФ узяла на службу кубінцаў.
Чытайце таксама:
Яшчэ адзін беларус склаў галаву за «рускі свет»
У Казахстане байцу, які ваяваў ва Украіне на баку ПВК «Вагнер», далі салідны тэрмін