Прэзідэнт Зімбабвэ доўга не мог завесці трактар ад Лукашэнкі ВІДЭА
Зімбабвійскія СМІ апублікавалі відэа, на якім 81-гадовы прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва амаль дзве хвіліны спрабуе завесці новы трактар «Беларус», але яму гэта ніяк не ўдаецца.
Прыкры для зімбабвійскага лідара выпадак адбыўся, як паведамляецца, 21 лютага падчас святкавання Нацыянальнага дня моладзі. Мнангагва ў ходзе ўрачыстасцяў перадаў беларускі трактар у падарунак маладзёжнаму прафесійна-тэхнічнаму навучальнаму цэнтру і сам сеў за руль, але трапіў у канфуз: трактар не хацеў заводзіцца.
На відэа бачна, як вакол трактара, за рулём якога сядзіць Эмерсан Мнангагва, бегаюць ягоныя памочнікі, якія стараюцца высветліць прычыну няспраўнасці і дапамагчы прэзідэнту ўсё ж такі паехаць. Працягваецца гэта каля двух хвілін, пасля відэа адключаецца і ўключаецца зноў у момант, калі трактар усё ж такі заводзіцца.
Выданне The Mirror, відавочна апазіцыйнае да ўлады, каментуе сітуацыю словамі, што
«Зімбабвэ з'яўляецца месцам звалкі няякаснай прадукцыі з Беларусі, прэзідэнт якой Аляксандр Лукашэнка і некалькі асобаў, як мяркуецца, з'яўляюцца найбуйнейшымі бенефіцыярамі цьмяных пагадненняў паміж дзвюма краінамі».
Таксама пры нагодзе нагадваецца, што ў 2022 годзе беларускі бізнэсмен Аляксандр Зінгман, блізкі да Эмерсана Мнангагвы, атрымаў здзелку на 62 мільёны долараў ЗША на пастаўку мясцовым уладам пажарных машын. Пасля з гэтага разгарэўся карупцыйны скандал.
Чытайце таксама:
Пасля смерці Прыгожына Зінгман спрабуе перахапіць ахоўныя кантракты «Вагнера» — крыніцы
У Зімбабвэ адмовіліся ад закупу пажарных машын у Беларусі
У Зімбабвэ разгарэўся карупцыйны скандал вакол закупкі беларускіх пажарных машын