БЕЛ Ł РУС

Адзін факт, які паказвае, што пратаколы на выбарах маляваліся з галавы

26.02.2024 / 22:3

Nashaniva.com

У інтэрнэце з’яўляюцца вынікі галасавання на мясцовых выбарах. Нам патрапіліся даныя па Асіповіцкім раёне. Адразу можна зразумець, што галасы насамрэч не лічыліся.

Частка вынікаў галасавання па Асіповічах. Поўная версія дакумента тут

Паглядзіце ўважліва на суседнія акругі — Першамайскую №8 і Заводскую №9. Колькасць выбарцаў на іх сувымерная, яўка адрозніваецца на некалькі працэнтаў — здаецца, усё нармальна.

Але наколькі адрозніваецца колькасць сапсаваных бюлетэняў! Гэта тыя выпадкі, калі людзі крэмзалі нешта на бюлетэні альбо ставілі адразу дзве птушкі ў ім.

У Першамайскай акрузе напісалі, што іх было 37 такіх выпадкаў. 2,9% сапсаваных бюлетэняў — анамальна шмат, але вынікі менавіта такія. Апроч таго, яшчэ 4% прагаласавалі супраць усіх.

Затое на суседняй Заводскай акрузе сапсаваных бюлетэняў… нуль! Увогуле ніводзін чалавек не памыліўся і не намаляваў на аркушах нічога.

Ці магчыма такое, што ў суседніх дамах на адной вуліцы жывуць людзі, якія паводзяць сябе настолькі па-рознаму? Канечне, абсалютна немагчыма.

Затое на гэтай Заводскай акрузе налічылі ажно 90 галасоў «супраць усіх» — больш, чым на любой іншай акрузе Асіповічаў.

У гэтым і ёсць уся разгадка. Агульная доля галасоў «супраць усіх» і сапсаваных бюлетэняў на абедзвюх акругах склала 6,93% і 6,96%.

Цалкам імаверна, што старшыні камісій атрымалі ўказанне: прыблізна 7% галасоў не трэба размяркоўваць паміж кандыдатамі. Але кожны ўспрыняў загад па-свойму.

Чытайце таксама:

Як фальсіфікуюцца выбары ў Беларусі. Сем этапаў падману

Галасуй не галасуй. Споведзь былых дэпутатаў пра тое, як Лукашэнка прызначаў іх у парламент

Докшыцкага чыноўніка цягнулі ў дэпутаты, а калі выявілася, што сын у базе «Беспарадкі» — выгналі з работы 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула