БЕЛ Ł РУС

Сына экс-міністра прыроды пачынаюць судзіць за хабар

5.03.2024 / 20:32

Nashaniva.com

Яго бацьку Андрэя Каўтуху ў 2017-м здымалі з пасады пасля завядзення крымінальнай справы за службовы падлог.

Віктар Каўхута. Фота: СТБ

Імя Віктара Каўхуты, сына былога міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуты, з'явілася ў раскладзе судоў.

Віктару цяпер 40 гадоў і, мяркуючы па адкрытых крыніцах, ён займаў пасаду першага намесніка генеральнага дырэктара агракамбіната «Ждановічы».

Ён праславіўся тым, што спрабаваў у 2016-м годзе балатавацца ў дэпутаты і нават збіраўся скласці канкурэнцыю «атаману» Мікалаю Улаховічу. Але Каўхуту-малодшага нават не зарэгістравалі.

Малады Віктар Каўхута. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Неўзабаве патрапіў у апалу і ягоны бацька — яго знялі з пасады міністра і завялі крымінальную справу за службовы падлог. Пасля 2017-га Андрэй Каўхута знік з публічнага поля.

Падзельнік Віктара па раскладзе судоў — Андрэй Іскандэраў. Мы не адшукалі беларусаў з такім прозвішчам. Але ёсць бізнэсмэн з Расіі, які займаўся оптавым гандлем садавінай і гароднінай. Яму 57 гадоў і ў бізнэсе ён з 1990-х. Імаверна, што пра яго і ідзе гаворка — «Ждановічы» акурат займаюцца вырошчваннем садавіны і гародніны.

Судзяць Каўхуту і Іскандэрава за атрыманне і дачу хабару. Каму што інкрымінуецца, у раскладзе суда не пазначана.

Абодвум фігурантам пагражае ад пяці гадоў турмы. Суд над імі пачынаецца 11 сакавіка.

Чытайце таксама:

У Брэсце затрымлівалі і экс-мэра Рагачука, і абласнога кіраўніка Шулейку

Стала вядома, чым будзе займацца экс-міністр лесу, якога пасадзілі на сем гадоў за хабар, але неўзабаве выпусцілі

Міністр, асуджаны за хабар на 7,5 года, верагодна, выйшаў праз паўтара — Белсат

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула