Махляры пераканалі 83-гадовую жанчыну перавесці ім грошы, бо «купюры заражаныя»
26.03.2024 / 14:57
Работнікі банка своечасова заўважылі злачынную схему.
У Першамайскае РУУС сталіцы звярнуліся работнікі банка, якія выказалі здагадку, што іх кліентка можа стаць ахвярай махляроў, паведамляе Міліцыя Мінска.
Жанчына раней неаднаразова прыходзіла ў аддзяленне і беспаспяхова спрабавала перавесці грошы праз інфакіёск. Жанчына выглядала ўсхваляванай і разгубленай, не магла назваць поўныя звесткі атрымальніка плацяжу, на дадатковыя пытанні не адказвала, і пры гэтым увесь час размаўляла па тэлефоне. Пільныя работнікі банка патэлефанавалі ў міліцыю.
Аператыўнікам, што прыбылі на месца, 83-гадовая пенсіянерка распавяла, што ёй на працягу некалькіх дзён тэлефанаваў невядомы. З дапамогай псіхалагічнага ўздзеяння і маніпуляцый ён прымусіў мінчанку зняць 7000 рублёў з пенсійнага ўкладу. Пераканаўшы пенсіянерку, што купюры заражаныя і ад іх трэба пазбавіцца, незнаёмец запатрабаваў перавесці іх на бяспечны рахунак.
Міліцыянеры і работнікі банка расказалі жанчыне, што яна стала ахвярай ашуканскай схемы, у выніку чаго грошы жанчына не перавяла.
Чытайце таксама:
Новая схема махлярства пры арэндзе жылля — цяжка не падмануцца
Махляры прыдумалі новы выкрутас. Людзям тэлефануе робат «Вікторыя»
Мужчына ў Мінску дапамагаў незнаёмцу завесці машыну — аказалася, паўдзельнічаў ва ўгоне