Беларус пісаў у «бот Буданава», каб паехаць ваяваць ва Украіну. Гэта версія ГУБАЗіК — і вось, што з ёй не так
ГУБАЗіК затрымаў беларуса, калі той быццам патэлефанаваў у амбасаду Польшчы і сказаў, што яму тэрмінова патрэбны калідор для эвакуацыі. Расказваем, што не так з затрыманнем «тэрарыста» ў Мінскім раёне.
Затрыманы Віталь. Фота з тэлеграм-канала «Беларускі сілавік»
Мужчыну клічуць Віталь, ён з Мінскага раёна.
Са звестак з відэа ГУБАЗіК вынікае, што мужчына ў 2023-м спрабаваў перайсці мяжу з Украінай, але не здолеў. Пасля гэтага ён звярнуўся ў «бот Буданава».
Тэкст, які мужчына быццам напісаў у «бот Буданава»
Пасля гэтага з «бота Буданава» яму прыйшоў адказ. Адметна, што на іншым канцы выкарыстоўвалі як беларускую літару «ў», гэтак і называлі Беларусь «Белоруссіяй».
Скрыншот з «бота Буданава» з відэа ГУБАЗіК
Мужчына нібыта сам прапанаваў здзейсніць тэракт у Беларусі. Але ў скрыншотах у відэа ГУБАЗіК бачна, што Віталь кажа, што калі і рабіць дыверсіі, то так, каб не пацярпелі мірныя людзі. А пераконвае рабіць дыверсіі акурат чалавек з «бота Буданава». У дыялогах, якія прыпісваюцца Віталю — толькі гіпатэтычныя развагі.
Скрыншот паведамленняў, які прыпісваюць Віталю
Мужчына кажа, што пасля «трухануў і выдаліў тэлеграм і сам акаўнт». Але першы скрыншот у відэа ГУБАЗіК пададзены ад імя Віталя.
Гэта можа значыць дзве рэчы: або яны цалкам фэйкавыя, або сілавікі мала таго, што былі на іншым канцы — у «боце Буданава» (магчыма, расійскія), — дык яшчэ і губазікаўцы ўвайшлі ў тэлеграм-акаўнт мужчыны.
Далейшая камунікацыя выглядае як экспарт дыялогу з тэлеграма, што можа зрабіць толькі той, у каго ёсць доступ да акаўнта — або адпраўніка, або атрымальніка.
Паведамляецца, што Віталя затрымалі, калі ён са свайго ўласнага тэлефона звязаўся з амбасадай Польшчы і паведаміў, што яму тэрмінова трэба «эвакуацыя, каб паехаць ваяваць ва Украіну». Аніякіх доказаў гэтаму не прыводзіцца.
Атрымліваецца, што губазікаўцы ведалі пра «тэрарыста», які жыве побач з Мінскам, але нічога з ім не рабілі.
Чытайце таксама:
Чаму афіцыйная версія затрымання «дыверсантаў СБУ» выглядае непраўдзіва. Важныя падрабязнасці