Жыхар Брэста паўтара года прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Пакуль месца не купілі падатковыя інспектары
9.04.2024 / 13:31
Жыхара Брэсцкага раёна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае аказанне паслуг па паскораным праходжанні дзяржаўнай мяжы, піша БЕЛТА.
Мужчына сістэматычна атрымліваў прыбытак за аказанне паслуг па дапамозе ўезду па-за чаргой у пункт пропуску «Брэст».
7 сакавіка праводзілася аператыўная праверка з кантрольнай «закупкай». Мужчына прапанаваў супрацоўніку падатковай інспекцыі па Брэсцкай вобласці, які выступаў патэнцыйным заказчыкам, дапамогу ў перасячэнні беларускай мяжы за $170.
«Матэрыяламі справы пацверджана, што мужчына са жніўня 2022 года па сакавік 2024 года пастаянна знаходзіўся на тэрыторыі, прылеглай да кантрольна-прапускнога пункта «Варшаўскі мост». На гэта ўказвалі больш як 20 тысяч яго тэлефонных злучэнняў з гэтай мясцовасці», — звярнулі ўвагу ў судзе.
Суд прызнаў жыхара Брэсцкага раёна вінаватым па ч.2 арт.13.3 (ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі) КаАП. Яму прызначылі штраф у памеры 30 базавых велічынь — Br1,2 тыс.
Судовая пастанова не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана.
Чытайце таксама:
Чытайце таксама:
На выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць 500 легкавікоў. І гэта рэкорд
Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
Гродзенскі перавозчык прыдумаў геніяльны ход, як хутка перасекчы мяжу аўтобусу. І зэканоміў суткі