БЕЛ Ł РУС

Беларус купіў за 300 еўра балгарскі дакумент і ездзіў з ім па Еўропе. Але да пары збан ваду носіць

11.04.2024 / 17:12

Nashaniva.com

9 красавіка літоўскія памежнікі на мяжы Літвы з Польшчай спынілі для праверкі дакументаў пасажырскі аўтобус Scania фінскай рэгістрацыі, які кіраваўся маршрутам Талін — Варшава. Пасведчанне асобы 33-гадовага грамадзяніна Балгарыі здалося ім падазроным, і небеспадстаўна.

Дакумент не адпавядаў тэхнічным патрабаванням да вытворчасці каштоўных папер па некалькіх паказчыках, таму ў памежнікаў з'явілася падазрэнне, што ён падроблены. Урэшце яго ўладальнік мусіў прызнацца, што насамрэч ён грамадзянін Беларусі, чыя нацыянальная віза, выдадзеная Польшчай, мінула месяц таму, 9 сакавіка.

Не хочучы траціць магчымасць знаходзіцца ў Еўропе, беларус замовіў і купіў у інтэрнэце за 300 еўра балгарскае пасведчанне асобы са сваім фота.

У выніку беларуса затрымалі, адносна яго пачата дасудовае расследаванне па факце падробкі або завалодання дакументам. У такіх выпадках прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту або пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў. Пакуль падазраванага ўзялі пад варту на адзін месяц, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. 

Чытайце таксама:

У Санкт-Пецярбургу судзяць беларуса, які дапамагаў выехаць з Расіі афганскай журналістцы

Ад Румыніі да Арменіі. За колькі і як можна купіць грамадзянства іншай краіны

Індыец хацеў перасячы мяжу Беларусі з падробленым брытанскім пашпартам

Каментары да артыкула