Патрыярх Кірыл забараніў у служэнні святара, які праводзіў паніхіду на магіле Аляксея Навальнага
24.04.2024 / 8:52
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сваім указам забараніў у служэнні на тры гады іерэя Дзімітрыя Сафронава, клірыка храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Маскве. Дакумент ад 15 красавіка апублікаваны на сайце Маскоўскай епархіі.
Дзімітрый Сафронаў на магіле Аляксея Навальнага. Скрын відэа
У рашэнні Кірыла сказана, што Сафронаву забаронена праводзіць багаслужэнні, насіць расу і святарскі крыж.
Па рашэнні кіраўніка РПЦ яго адправілі на тры гады ў іншы храм Масквы «для выканання абавязкаў псаломшчыка і тых даручэнняў, якія вызначыць яму пробашч».
«Па заканчэнні тэрміну нясення епітымʼі па водгуках з месца нясення паслухмянстваў будзе прынята рашэнне аб магчымасці яго далейшага святарства», — сказана ва ўказе.
Дзімітрый Сафронаў служыў паніхіду на магіле Аляксея Навальнага на 40 дзён пасля смерці палітыка. Як звярнула ўвагу «Медуза», Сафронаў таксама быў у ліку святароў, якія публічна заклікалі ўлады Расіі выдаць цела Аляксея Навальнага яго сямʼі (цела Навальнага аддалі маці на дзявяты дзень пасля смерці).
Тэлеграм-канал «Праваслаўе і зомбі» сцвярджае, што Сафронаў не чытаў «Малітву аб перамозе святой Русі». Маскоўская дыяцэзія з верасня 2022 года патрабуе ад усіх парафій чытаць гэтую малітву.
Чытайце таксама:
МУС Эстоніі: Усе адносіны мясцовых цэркваў з РПЦ павінны быць разарваныя
Святарам РПЦ загадалі штодня чытаць малітвы аб перамозе ў вайне