Microsoft пачаў масавы вывад супрацоўнікаў з Кітая
Кампанія Microsoft прапанавала сваім супрацоўнікам з Кітая пераехаць у ЗША, Ірландыю, Аўстралію і Новую Зеландыю. Прапанову атрымалі ад 700 да 800 чалавек, якія працуюць у галіне штучнага інтэлекту, машыннага навучання і воблачных вылічэнняў. Супрацоўнікі павінны прыняць рашэнне аб пераездзе да чэрвеня, піша The Moscow Times.
Фота: Goran Bogicevic / vecteezy.com
Супрацоўнікам кампаніі паведамілі, што пераезд дапаможа ўмацаваць глабальныя амбіцыі Microsoft у сферы воблачных вылічэнняў і задаволіць патрэбы ў інжынерах штучнага інтэлекту ў розных месцах, сказаў суразмоўца выдання The World Street Journal.
Bloomberg, у сваю чаргу, адзначае, што ў Азіяцка-Ціхаакіянскай групе даследаванняў і распрацовак Microsoft працуе каля 7000 спецыялістаў, большасць з якіх знаходзяцца ў Кітаі. Многія з іх удзельнічаюць у глабальных даследаваннях і распрацоўках асноўных прадуктаў кампаніі, уключаючы штучны інтэлект.
Агенцтва Reuters раней даведалася, што ЗША маюць намер абмежаваць доступ Кітая да праграмнага забеспячэння штучнага інтэлекту, які ляжыць у аснове такіх дадаткаў, як ChatGPT. Крыніцы агенцтва паведамлялі, што Міністэрства гандлю разглядае магчымасць увядзення новых правілаў, якія абмяжоўваюць экспарт мадэляў ШІ з закрытым зыходным кодам.
Reuters таксама адзначаў, што меры па абмежаванні экспарту ШІ-чыпаў у Кітай, якія ЗША прымаюць апошнія два гады, накіраваныя на запаволенне развіцця Пекінам перадавых тэхналогій у вайсковых мэтах.
Чытайце таксама:
Microsoft забараніў паліцыі ЗША выкарыстоўваць штучны інтэлект для распазнання твараў
Украіна купляе дроны для ўдараў па Расіі ў Кітая
OpenAI і Meta рыхтуюць новыя мадэлі штучнага інтэлекту, здольныя «разважаць»