Пад Харкавам загінуў былы спецназавец з Ліды, які ваяваў на баку Расіі
27.05.2024 / 8:55
Праўладны спявак ужо прысвяціў яму верш.
Пра смерць былога спецназаўца Руслана Нікіціна, які паехаў ва Украіну ваяваць на баку Расіі, паведамілі яго аднакласнікі ў сацыяльных сетках. Загінуў беларус каля двух тыдняў таму пад Харкавам.
Як стала вядома «Нашай Ніве», Руслан нарадзіўся ў Лідзе і скончыў школу № 9. У школьныя часы сябры далі яму мянушку «Камуфляж». Аднакласнікі кажуць, што Руслан быў пазітыўным, крыху нахабным, але таленавітым — граў ролі ў тэатральных пастаноўках, добра спяваў.
Тэрміновую службу праходзіў у разведцы спецназа ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння.
Знаёмыя Руслана сцвярджаюць, што ён даўно ажаніўся з расіянкай, паехаў жыць на яе радзіму і нават атрымаў расійскі пашпарт.
Яны таксама сцвярджаюць, што ваяваць мужчына пайшоў па ўласнай ініцыятыве. На фота з фронту відаць, што побач з нашыўкай Z ён насіў і нашыўку з чырвона-зялёным сцягам.
Згодна з версіяй знаёмых, Руслан загінуў пад Харкавам 16 мая, калі ратаваў аднавайскоўцаў. Нагадаем: раніцай 10 мая расійскія ваенкары сталі распаўсюджваць інфармацыю аб пачатку наступу расійскіх войск на Харкаў з тэрыторыі Расіі, але праз два тыдні неўзабаве прызналі, што расіяне часткова перайшлі да абароны.
У загінулага засталася маці ў Беларусі і жонка з сынам у Расіі.
Спачуванні ім выказаў вакаліст гурта Skynet Іван Панамароў, які распавёў у інстаграме, што сябраваў з Нікіціным і той нават натхніў яго на напісанне песні «Я жывы». Пасля смерці Нікіціна артыст прысвяціў Руслану верш.
Чытайце таксама:
Загінуў беларус, які ваяваў ва Украіне на баку Расіі. Пра яго раней ужо не раз пісалі
Яшчэ адзін беларус склаў галаву за «рускі свет»
Былыя сілавікі і крымінальнікі. Што за беларусы ваююць ва Украіне на баку Расіі