Самалёт «Белавія» прыбыў у Грузію са спазненнем з-за тэхнічных праблем
5.06.2024 / 21:58
Падчас рэйса ў Грузію ў самалёта «Белавія» Embraer E195LR (бартавы нумар EW-400PO) узнікла «праблема з падтрыманнем ціску ў кабіне пілотаў». Праз гэта да месца прызначэння ён прыбыў са спазненнем на паўгадзіны, паведамляе тэлеграм-канал «ОтВинта. Авиация Беларуси».
Фота: t.me/otvinta_by
Гаворка ідзе пра самалёт у ліўрэі ад кампаніі Wargaming, празваны «зубралётам».
Самалёт накіроўваўся па маршруце Мінск-Кутаісі ў ноч на 3 чэрвеня. Падчас палёту ў яго ўзнікла праблема з «наддувам кабіны».
Адзначаецца, што пра няспраўнасць стала вядома ў зоне адказнасці Самарскага цэнтра адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. З-за немагчымасці заняць прапанаваны дыспетчарам эшалон экіпаж «прыняў рашэнне рухацца па альтэрнатыўным маршруце праз паветраную прастору Казахстана».
«У Кутаісі авіятэхнікі аператыўна ліквідавалі прыкрую няспраўнасць і зваротны рэйс праходзіў ужо па штатным маршруце», — гаворыцца ў паведамленні.
Embraer E195LR — сярэднемагістральны пасажырскі самалёт для маршрутаў малой і сярэдняй дыстанцыі. Ён быў набыты «Белавія» ў лізінг у бразільскай кампаніі Embraer у маі 2014 года.
Чытайце таксама:
Мінчук зламаў зуб костачкай чарнасліву на рэйсе «Белавія». І засудзіў за гэта туркампанію
Суд ЕС адхіліў пазоў «Белавія» аб адмене санкцый
З брэсцкага аэрапорта ўпершыню за 30 гадоў пачалі лётаць самалёты ў Маскву