У Полацку імкліва разбураюцца руіны касцёла. Абвалілася яшчэ частка мура
Ніякіх захадаў па кансервацыі і аднаўленні помніка барока мясцовымі ўладамі не прадпрымаецца.
Параўнанне старых і актуальных фотаздымкаў — не стала апошняга кавалка алтарнай перагародкі і ўсёй сцяны апсіды. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Чарговае разбурэнне помніка заўважылі мясцовыя краязнаўцы з суполкі «Полацк: мінулае і сучаснасць».
Мураваны кляштар і касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі на паўднёвым беразе Дзвіны пабудаваны полацкімі бернардзінцамі ў 1758 годзе. Барочны комплекс з'явіўся на месцы ранейшага драўлянага. На тэрыторыі кляштара было мноства гаспадарчых пабудоў, у тым ліку пякарня (захавалася), бровар, лядоўня, кузня, стайня, лазня. Быў разбіты пладовы сад з агародам.
Абмерны чарцёж комплексу 1838 года. Фота: Wikimedia Commons
План комплексу 1838 года. Сёння ад храму захаваўся невялікі фрагмент — руіны чатырох сцен апсіды. Фота: Wikimedia Commons
Пасля здушэння паўстання 1830-1831 гадоў расійскія ўлады зачынілі ў 1832 годзе кляштар, а касцёл перарабілі на праваслаўную царкву Іаана Багаслова.
Пашкоджаная царква ў 1920-я гады. Фота: Wikimedia Commons
У час савецка-польскай вайны ў 1919 годзе палякі занялі левы бераг Дзвіны. У баях з Чырвонай Арміяй, якая займала асноўную частку горада на правым беразе, храм значна пацярпеў, што бачна на здымках 1920-х гадоў.
Камуністы зачынілі царкву. Комплекс зноў пацярпеў у час Другой сусветнай вайны. Жылы корпус быў у 1950-я гады прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову, а руіны касцёла часткова знішчылі.
Комплекс у панараме левага берага Дзвіны. Фота: Wikimedia Commons
Да нашага часу ад былога касцёла засталася толькі алтарная частка. Нягледзячы на тое, што комплекс лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння, за апошнія гады не прадпрынята ніякіх захадаў па ягонай кансервацыі і аднаўленні.
Выгляд апсіды ў 2006 годзе. Злева яшчэ відаць фрагмент алтарнай перагародкі. Ніжнія часткі папружнай аркі яшчэ не абваліліся. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Сённяшні агульны выгляд з поўначы. У руінах ужо цяжка пазнаць колішні касцёл. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Краязнаўцы, параўноўваючы здымкі, высветлілі, што за апошнія гады не стала значнай часткі мура: абвалілася ўся ўсходняя сцяна апсіды, апошні фрагмент алтарнай перагародкі, частка папружнай аркі. Цяпер абваліўся і прысценак, які гэтую арку падтрымліваў.
Выгляд руінаў з захаду ў 2006 і 2012 гадах. Сцяны з праёмам сёння не існуе. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Як адзначаюць краязнаўцы, прысценак можа быць і савецкага часу, але яго падзенне сведчыць пра тое, што разбурыўся аўтэнтычны мур, на якім ён стаяў.
Фотапараўнанне стану ў 2020 і 2024 гадах. Помнік імкліва разбураецца і далей. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Сёння ў Полацку актыўна вядуцца работы па прывядзенні да парадку гістарычнага цэнтра. Падрыхтоўку да Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які 27-28 чэрвеня пройдзе ў Віцебску, Полацку і Наваполацку, кантралюе асабіста Наталля Качанава, мясцовая ўраджэнка. Але занядбаны комплекс кляштара, які добра бачны з іншага берага, будаўнічыя працы не закранаюць.
Паўднёвая сцяна апсіды — апошняя адносна захаваная сцяна помніка барока. Фота: фэйсбук-суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць»
Чытайце таксама:
У Лепельскім раёне закансервуюць храм, які не змаглі дашчэнту знішчыць у часы СССР
Згублены замак на Палессі, касцёлы ды савецкі тэатр. Што дзяржава возьме пад ахову сёлета
У кафедральным касцёле ў Гродне аднавілі алтар
У Жыровіцкім манастыры адрэстаўруюць іканастас, з якога раней выкінулі беларускія абразы