БЕЛ Ł РУС

«З такой цаной яна там пяцігодку ляжаць будзе». Беларусаў уразіла цана на рыбу ў мінскім супермаркеце

18.06.2024 / 22:39

Nashaniva.com

Жыхар Мінска падзяліўся ў тыктоку відэаролікам, у якім прадэманстраваў цану вяленай корушкі ў адной з папулярных гандлёвых сетак. Аказалася, што за кіло такой рыбы прыйдзецца выкласці аж 165 беларускіх рублёў, заўважыў Telegraf.news. І гэта па акцыі.

Супердарагую корушку мужчына прыкмеціў у адной з крамаў гандлёвай сеткі «Карона».

Мяркуючы па інфармацыі на цэнніку, цана ў 165 рублёў — акцыйная. А без уліку зніжкі кілаграм вяленай корушкі з ікрой з Расіі абышоўся б увогуле ў 199,95 рубля.

«Адкуль такая цана на гэтую рыбу? Гэта ж не нейкі там асетр, тунец або марлін. Чаму яна каштуе такіх грошай, хто ведае?», — задаўся пытаннем аўтар відэароліка.

@artem2020roma #цены #корюшка #корона #минск #чтосценой ♬ оригинальный звук - Артем Романович

Многія карыстальнікі сацсеткі падзялілі здзіўленне аўтара, прытым некаторыя жартавалі, а іншыя абураліся.

«З Сахаліна да Мінска на таксі ехала», — пажартаваў адзін каментатар, а другі дадаў: «Прытым кожная на асобным таксі».

«Я ў шоку. Краб камчацкі каштуе 99,99 рубля. А тут…», — абурыўся іншы карыстальнік.

Некаторыя каментатары спаслаліся на палітыку крамы. Маўляў, у «Кароне» заўсёды вялікая нацэнка. Хтосьці выказаў здагадку, што гэтую рыбу няпроста здабываць. Знайшліся і тыя, хто палічыў такую цану апраўданай.

«Гэта далёкаўсходняя корушка, а не ваша звычайная па 5 см. Яна вялікая і ікорная. Па смаку я лепшай вяленай рыбы не еў! Але галоўнае, каб яна была не перасушаная і не ляжала паўгода», — напісаў адзін каментатар, у чым з ім не пагадзіліся: маўляў, «з такой цаной яна там пяцігодку ляжаць будзе».

Некаторыя каментатары прывялі цану на гэты від рыбы ў розных сеткавых крамах.

«У Святлафоры 6,99 за кг марожанай», — заўважыў адзін каментатар. Іншы ў «Гіпа» бачыў корушку халоднага вэнджання па 26 руб за кілаграм. «Кіло свежамарожанай корушкі ў інтэрнэт-краме каштуе 25 рублёў. Астатняе ўзялі «за павяліць», — заявіў яшчэ адзін.

Дарэчы, кілаграм менавіта вяленай корушкі з ікрой каштуе даволі дорага і ў іншых крамах. Так, напрыклад, на сайце Beluga.by за кілаграм вяленай далёкаўсходняй корушкі з ікрой просяць 85 рублёў. Але купіць такую рыбу без ікры можна значна танней. Так, у «Едастаўцы» кіло неразабранай сушана-вяленай корушкі абыйдзецца ў 34,95 рубля.

Чытайце таксама:

«Сезон яшчэ не пачаўся, а ўжо ладна патраціўся». Ці можна зарабіць на агародзе, рыбалцы і паляванні?

У беларускім вадаёме ўпершыню вылавілі незвычайную рыбіну

«Купілі стэйкі па прывабнай цане і здзівіліся». Што за чырвоная рыба прыехала ў нашы крамы?

Залатая смятана і дэфіцытны селядзец: па колькі беларускія прадукты прадаюць у Эміратах

Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

Каментары да артыкула