БЕЛ Ł РУС

Буйныя паборы, якія здзіраюць з людзей за зробленыя данаты, ідуць на Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання. Што за ён?

19.06.2024 / 20:23

Nashaniva.com

Выданне «Люстэрка» даведалася, што калі раней «кампенсацыі» за зробленыя данаты трэба было пераводзіць на рахункі РНПЦ, дзіцячых дамоў ці хоспісаў, то цяпер у плацёжках усё часцей фігуруе адзін і той жа атрымальнік — «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання». Што гэта за ўстанова?

Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання знаходзіцца ў адным будынку з Міністэрствам аховы здароўя. Фота: Яндэкс-Карты

На сайце цэнтра ягоныя задачы апісваюцца даволі туманна: «кансультатыўная спецыялізаваная медыцынская дапамога».

Вядома, што сярод іншага гэты цэнтр займаецца санітарнай авіяцыяй — перавозкай цяжкахворых людзей. Менавіта ён у 2021 годзе эвакуяваў з Егіпта на радзіму беларуса, які пацярпеў пры няшчасным выпадку. Дыспетчарскі аддзел працуе кругласутачна і гатовы аказваць экстранную дапамогу. Праўда, паслугі перавозкі часцей за ўсё платныя.

«Рашэнне аб бязвыплатнай транспарціроўцы прымаецца на ўзроўні кіраўніка кампетэнтнага органа дзяржаўнага кіравання ў выключных выпадках», — гаворыцца на сайце МЗС. 

Цяперашні кіраўнік Цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання — Дзмітрый Альховік, былы вайсковец. Раней ён займаў пасаду начальніка вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны. Менавіта ён у свой час паказваў на тэлебачанні беларускую вайсковую аптэчку, якую Лукашэнка запатрабаваў зрабіць «лепш за натаўскую».

Дзмітрый Альховік. Фота: ctv.by

Дарэчы, менавіта Цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання быў у свой час атрымальнікам дапамогі, якую выдзялялі ў Беларусі на барацьбу з кавідам — як унутры краіны, так і з-за мяжы. Усяго ў 2020 годзе на рахунак цэнтра прыйшло дапамогі на суму больш за 73 мільёны беларускіх рублёў і яшчэ больш за 87 мільёнаў — у наступныя два гады. У іх ліку — сродкі індывідуальнай абароны, лекі і вакцыны.

Цэнтр часткова публікуе справаздачы пра свае выдаткі на сайце — аднак там ёсць інфармацыя толькі пра бязвыплатную дапамогу з-за мяжы. Каб даведацца дакладнае прызначэнне канкрэтнага дабрачыннага плацяжу грамадзяніна, супрацоўнікі прапануюць прыйсці з квітанцыяй аб аплаце.

Адносна ж таго, куды ідуць грошы, якія цяпер прымусова забіраюцца ў людзей на карысць гэтай арганізацыі, у ёй самой журналістцы «Люстэрка» адказалі:

«Гэты рахунак адкрыты для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. На гэты момант мы ўжо купілі перасоўны ФАП для Верхнядзвінскай бальніцы. У нас у планах рамонты розных дзіцячых аддзяленняў. Мы купляем розным арганізацыям абсталяванне, рамонты робім, усё, што неабходна.

Яны пішуць заяўкі ў Міністэрства аховы здароўя, міністэрства разглядае, і тады з іх дазволу мы пералічваем грошы або купляем самі для арганізацыі, якой гэта неабходна. Мы на сябе не трацім, у нас няма куды траціць, у нас ложкаў няма. Нашы прафесары-дацэнты ездзяць, кансультуюць цяжкахворых пацыентаў».

Чытайце таксама:

Як у Беларусі караюць за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і якая логіка? Паспрабавалі разабрацца

Ад РНПЦ анкалогіі да раённага аддзела культуры. Куды беларусаў прымушаюць данаціць сілавікі

«Раней мы лічылі суму ў дзесяціразовым памеры, а цяпер можам і ў сторазовым». З беларуса патрабавалі 20 000 даляраў за 400-даляравы данат

На допытах у КДБ «за данаты» цяпер патрабуюць здаваць яшчэ і знаёмых, якія выходзілі на пратэсты

«Акрамя раздрукоўкі з банка, што я рабіла плацяжы праз фэйсбук, у іх нічога няма». Яшчэ адзін чалавек у дэталях расказаў пра 4-гадзінны шантаж данатамі

Каментары да артыкула