Новы ўрад Польшчы значна скараціў колькасць віз іншаземцам
24.06.2024 / 9:10
Польшча прыкметна скараціла выдачу віз у 2024 годзе. Зніжэнне складае ад 50 да 90 працэнтаў у залежнасці ад тыпу візы.
Сёлета па стане на 14 чэрвеня гэтага года Польшча выдала 98 211 працоўных віз, у асноўным беларусам (32 233), украінцам (47 257) і грузінам (3 659), піша reform.news са спасылкаю на Rzeczpospolita.
Для параўнання, годам раней такіх віз было выдадзена 284 786: найбольш грамадзянам Беларусі — 114 598, Украіны — 107 354 і Турцыі — 8 257.
Таксама была абмежавана выдача гуманітарных віз, якія ў 2020—2023 гадах у асноўным атрымлівалі беларусы. У мінулым годзе было выдадзена 4539 такіх віз, прычым не толькі беларусам, але і грамадзянам іншых краін. У гэтым годзе пакуль выдалі толькі 542 гуманітарныя візы.
Новае кіраўніцтва МЗС з пачатку года спыніла выдачу віз у межах праграмы Poland.Business Harbour.
Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск раскрытыкаваў міграцыйную палітыку мінулага ўрада. Прыцягненне ў Польшчу беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць «замежную агентуру», мяркуе ён.
Чытайце таксама:
Туск: Прыцягненне ў Польшчу беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць «замежную агентуру»