Памерла Дзіяна Чаркасава
Ва ўзросце 89 гадоў памерла журналістка Дзіяна Чаркасава, шматгадовая супрацоўніца газеты «Голас Радзімы» і маці забітай у 2004 годзе журналісткі Веранікі Чаркасавай, забойства якой дагэтуль не раскрытае, паведамляе «Салідарнасць».
Дзіяна Чаркасава
Дзіяна Цімафееўна Чаркасава нарадзілася 22 студзеня 1935 года ў Мінску. У 1946-м пераехала з сям’ёй у Навагрудак. У 1958 годзе скончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ.
Усё жыццё яна прапрацавала ў газеце для беларусаў замежжа «Голас Радзімы»: карэктаркай, літаратурнай супрацоўніцай, адказнай сакратаркай і нарэшце намесніцай галоўнага рэдактара. У 2000 годзе выйшла на пенсію.
У 1978 годзе ў бібліятэчцы газеты «Голас Радзімы» выйшла кніга Дзіяны Чаркасавай «Люблю» пра жыццё і творчасць беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, з якой журналістка доўгія гады падтрымлівала асабістыя сувязі.
Яе публікацыі з’яўляліся таксама ў газетах «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Нёман», на пачатку 2000-х па яе сцэнарах ствараўся цыкл праграм «Свая чужына» на беластоцкім радыё «Рацыя» пра культурных дзеячаў беларускай эміграцыі. Яе рукапісы, перапіска з Канстанцыяй Буйло, публікацыі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
У 2004-м годзе была забітая пры дагэтуль не высветленых абставінах яе дачка, таксама журналістка Вераніка Чаркасава, а ў 2019-м пайшоў з жыцця каханы муж Уладзімір Мялешка, з якім Дзіяна Цімафееўна разам крочыла па жыцці цягам дзесяцігоддзяў.
Дзіяна Цімафееўна памерла на 90-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы. Практычна да апошніх дзён яна захоўвала вастрыню розуму.