Мінабароны пужае правакацыямі з боку ўкраінцаў
5.07.2024 / 10:29
Пры гэтым само абяцае: «Нагнятання сітуацыі з нашага боку няма і не будзе». Але «прымае меры па абароне паўднёвых рубяжоў».
Генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк. Фота: Мінабароны
Генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк выказаўся пра сітуацыю на мяжы з Украінай.
«Знаходжанне падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў непасрэднай блізкасці ад нашай мяжы з'яўляецца не чым іншым, як адным з этапаў своечасовай падрыхтоўкі да магчымага вываду дыверсійных груп на нашу тэрыторыю. А наяўнасць артылерыі і бранятэхнікі разглядаем як магчымы кампанент баявой падтрымкі іх дзеянняў.
У цэлым, ва ўмовах нарошчвання прысутнасці падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, наймітаў і розных добраахвотніцкіх фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый», — заявіў Купрыянюк.
Генерал адзначыў, што непасрэдна каля ўкраінска-беларускай мяжы яны налічваюць да 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
«У прыгранічных раёнах фіксуецца перамяшчэнне цяжкай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыйскіх сістэм і сродкаў СПА.
Адначасова не зніжаецца інтэнсіўнасць правакацыйных і дэманстратыўных дзеянняў з боку ўкраінскіх фарміраванняў, у тым ліку з задзейнічаннем беспілотнай авіяцыі, якая неаднаразова парушала нашу дзяржаўную мяжу», — заявіў генерал.
І дадаў, што яны назіраюць «нічым не абгрунтаваную актыўнасць» на Ровенскім і Жытомірскім кірунках.
Але беларускі бок, па яго словах, нібыта не будзе нагнятаць сітуацыю.
Нагадаем, беларускія Узброеныя сілы праводзяць раптоўную праверку боегатоўнасці каля ўкраінскай мяжы.
Чытайце таксама:
Падаляк пра заявы Лукашэнкі аб канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў ля беларускай мяжы: Зменаў няма