З'явілася яшчэ адно сведчанне пераследу спявачкі Агурбаш былым паслом у Расіі Дзмітрыем Крутым
Былы беларускі пасол у РФ Дзмітрый Круты падчас сваёй працы ў Расіі апантана пераследаваў спявачку Анжаліку Агурбаш: у красавіку ён запатрабаваў выключыць яе са складу Грамадскай палаты Адзінцоўскага раёна Падмаскоўя.
Анжаліка Агурбаш. Фота: angelicaagurbash / Instagram
Новае патрабаванне адносна Агурбаш пасол Круты адрасаваў кіраўніку падмаскоўнай Грамадскай палаты Анатолю Таркунову. Падставай для выключэння спявачкі са складу Грамадскай палаты, на думку амбасадара, павінны стаць «саюзніцкія адносіны» расійскага і беларускага рэжымаў. Дакументы апублікавала Sota.
Падобныя лісты, піша выданне са спасылкаю на крыніцы, рэгулярна накіроўваліся Крутым не толькі па Агурбаш, але і па іншых праціўніках Лукашэнкі, якія жывуць у Расіі, прычым адрасатамі становяцца самыя розныя інстанцыі — ад тэлеканалаў да Адміністрацыі прэзідэнта.
Раней стала вядома пра ліст Крутога да кіраўніка «Першага канала»: тады пасол дамагаўся ад кіраўніка канала Канстанціна Эрнста выкінуць Агурбаш з эфіру.
Амбасадар заявіў, што яе зʼяўленне на расійскім тэлебачанні — «спланаваная правакацыя», накіраваная на «падрыў намаганняў нашых лідараў у перапісванні гісторыі».
Агурбаш была паказана ў праграме аб дзіцячым музычным конкурсе «Залатая нота».
Прычына пераследу Агурбаш рэжымам Лукашэнкі палягае ў тым, што яна падтрымала пратэсты 2020 года, пасля чаго была завочна арыштаваная паводле абвінавачвання ў распальванні варожасці і абразе Лукашэнкі. Пры гэтым спявачка мае расійскае грамадзянства.
У Беларусі супраць Агурбаш заведзеная крымінальная справа, у 2021 годзе генпракуратура беспаспяхова патрабавала ад Расіі выдачы Агурбаш.
Чытайце таксама:
Шпакоўскі пагражае расійскаму «Коммерсанту» блакіроўкай на тэрыторыі Беларусі
Пугачова адрэагавала на ракетны ўдар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве
«Без сопляў і слёз». Валерый Лявонцьеў абвясціў пра завяршэнне кар'еры