БЕЛ Ł РУС

У Салігорскім раёне знайшлі вусеня вельмі рэдкага матылька. Чаму мы так рэдка яго бачым?

12.07.2024 / 21:22

Nashaniva.com

Здымкам вусеня даўжынёй ажно 11 см падзяліўся заолаг Сяргей Шакала. Мужчына кажа, што гэта вусень бражніка Acherontia atropos (мёртвая галава), а ён у нас зусім не часты госць, піша Smartpress.by.

«Фота даслаў мой добры знаёмы з пасёлка Краснадворцы Салігорскага раёна Барыс Зінчук з пытаннем, хто гэта. Бражнікі Acherontia atropos у нас сустракаюцца, а вось вусеняў гэтага віду раней не бачыў», — адзначае Сяргей Шакала.

Знаходка сапраўды выглядае вельмі экзатычна, ды і памер вусеня ўражвае.

Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, энтамолаг Анатоль Кулак расказаў, што бражнік мёртвая галава — паўднёвы від.

«Але гэтыя матылькі здольныя перамяшчацца на высокіх хуткасцях на вялікія адлегласці. І сотні кіламетраў для іх — нішто. Да нас, напрыклад, прылятаюць і адкладаюць яйкі бражнікі з міжземнаморскага рэгіёну. Вядома ж, гэта рэдкасць, але знаходкі вусеняў мёртвай галавы былі і раней», — тлумачыць спецыяліст.

Імага бражніка мёртвая галава. Фота flectone.ru

У імага мёртвай галавы кароткі, але цвёрды хабаток, што дазваляе ім пракусваць садавіну і высмоктваць з яе сок. Гэтыя бражнікі могуць нават залятаць у вуллі і харчавацца мёдам пчол. Але асноўныя кармавыя расліны — гэта паслёнавыя, бульба, памідоры і інш.

«У Беларусі быў выпадак, калі мёртвая галава заляцела ў цяпліцу і адклала яйкі на памідоры. Вусені падраслі і з'елі ўсе кусты таматаў», — заўважыў Кулак.

Увогуле гэтае насякомае мы б бачылі часцей, але яно вядзе начны лад жыцця. Да таго ж, апрацоўка палёў пестыцыдамі ад каларадскага жука таксічная і для бражніка мёртвая галава. Гэта не дае яму шырока распаўсюдзіцца ў нашай краіне.

Чытайце таксама:

У Гродне пабачылі калібры — спецыялісты тлумачаць цуд

У мінскім двары злавілі экзатычную змяю

Вёску ў Белавежскай пушчы наведаў вельмі рэдкі жук. Што за ён і чым адметны?

Пад Гроднам заўважылі вельмі рэдкую чырванакніжную пчалу

Каментары да артыкула