БЕЛ Ł РУС

«Яны кругласутачна стаяць?» На Нямізе людзі выстраіліся ў аграмезную чаргу — вось навошта ВІДЭА

20.07.2024 / 22:49

Nashaniva.com

Беларусы займалі чаргу загадзя, каб паспець запісацца ў «чароўны сшытак» у італьянскім візавым цэнтры.

19 ліпеня ў цэнтры Мінска ў другой палове дня ўтварылася вялізная чарга — на піку ў ёй было больш за сотню чалавек. Чаргу заўважылі на Нямізе. Аказалася, людзі стаяць у італьянскі візавы цэнтр.

@nashaniva Сотні людзей стаяць у чарзе на Нямізе #минск #минсксейчас #виза #беларусь #нашаніва #белорусы ♬ Virtuoso Violin - Rafael Krux

Рэч у тым, што ў пятніцу ВЦ аднавіў запіс у сшытак жывой чаргі для падачы на візу. Гэта такі механізм, які замяняе электронную рэгістрацыю, якую часова закрылі, каб змагацца з пасярэднікамі.

Запіс у сшытак дазваляе чалавеку атрымаць нумарок для падачы дакументаў. У чатах пішуць, што лік у сшытку пераваліў за 18 тысяч — той, хто змог запісацца напярэдадні, атрымае магчымасць падацца на візу, хутчэй за ўсё, толькі ў пачатку наступнага года. Цяпер падаюцца на візы тыя, хто ў сшытку знаходзіцца ў раёне 6-8 тысяч.

Запісваюць у жывую чаргу з 16-й да 17-й па будных днях. Дасведчаныя людзі гавораць, што ў звычайны дзень стаяць па паўтары-дзве гадзіны не прыйдзецца — такіх чэргаў няма. Ажыятаж 19 ліпеня быў выкліканы тым, што візавы цэнтр адкрыў запіс пасля пэўнага перапынку.

Вялікая колькасць ахвотных атрымаць італьянскую візу таксама звязаная з тым, што па статыстыцы менавіта гэтая краіна адмаўляе беларусам радзей за іншых, тут таксама вышэйшы шанец атрымаць шматразовую візу на больш працяглы тэрмін.

Чытайце таксама:

Паслабленні для беларускіх турыстаў уводзіць Тайланд

Некаторыя беларусы змогуць падавацца на польскую візу без папярэдняй рэгістрацыі

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Падрабязнасці

Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй

Каментары да артыкула