БЕЛ Ł РУС

Ізраіль нанёс удары па Емене «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных нападаў»

21.07.2024 / 8:44

Nashaniva.com

Ізраіль нанёс авіяўдары па еменскім порце Хадэйда, які знаходзіцца пад кантролем узброенага праіранскага руху хусітаў, на наступны дзень пасля таго, як запушчаны групоўкай дрон атакаваў Тэль-Авіў. Ізраільскі прэм'ер назваў авіяўдары прамым адказам на гэтую атаку, піша ВВС. 

Пажар у еменскім порце Хадэйда

У заяве Арміі абароны Ізраілю гаворыцца, што «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных паветраных нападаў» хусітаў ізраільскія знішчальнікі F-15 нанеслі масіраваны ўдар на адлегласці больш за 1800 км па ваенных цэлях у раёне порта Хадэйда на Чырвоным моры. 

Урад у Сане, які кантралюецца хусітамі, у сваю чаргу заявіў, што Ізраіль нанёс удар па нафтасховішчах недалёка ад берага мора, а таксама па электрастанцыі. Звязаныя з хусітамі агенцтвы навінаў паведамілі, што ў выніку ўдараў тры чалавекі загінулі і больш за 80 атрымалі раненні. 

«Порт, які мы атакавалі, зусім не нявінны, — заявіў у тэлезвароце да ізраільцян прэмʼер-міністр Беньямін Нетаньяху. — Ён выкарыстоўваўся для ваенных мэтаў і служыў пунктам перакідкі смяротнай зброі, якая пастаўлялася хусітам Іранам». 

«Атака была прамым адказам на ўдар беспілотнікам, у выніку якога загінуў грамадзянін Ізраіля і былі паранены іншыя грамадзяне», — сказаў Нетаньяху. 

Напярэдадні хусіты ўзялі на сябе адказнасць за атаку дрона, які раніцай у пятніцу даляцеў да Тэль-Авіва. У выніку выбуху загінуў адзін мірны жыхар — 50-гадовы мужчына, які нядаўна прыехаў з Беларусі, яшчэ восем чалавек былі параненыя. 

Хусіты і раней запускалі іранскія дроны ў бок Ізраіля, іх збівалі ізраільскія СПА. Выпадкаў, калі беспілотнікам ўдавалася даляцець да Тэль-Авіва, да пятніцы вядома не было. Тое, што гэты дрон не быў збіты, ізраільскія ўлады тлумачылі чалавечым фактарам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула